«Купляйце беларускае». Чаму не спрацоўваюць праграмы імпартазамяшчэння?


Прыклады імпартазамяшчэння ў Беларусі часам становяцца сапраўднымі мемамі, і вядомасць пра іх выходзіць нават за межы краіны. Тым не менш, спрабуючы выканаць даручэнне «партыі» і «правадыра», беларускія навукоўцы і вытворцы з зайздроснай рэгулярнасцю выдаюць на гара новыя імпартазамяшчальныя шэдэўры.  Народ тым часам пры з’яўленні лішніх грошай рублём галасуе за імпартныя тавары. Паспрабавалі паглядзець, у чым праблема і што адбываецца на рынку імпартазамяшчэння Беларусі. 

крама
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Скрадзьце лякала

«Палітыка партыі» наконт імпартазамяшчэння ў Беларусі была агучаная яшчэ ў 2006 годзе. На Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да тагачаснага прэм’ера Сяргея Сідорскага, параіў кіраўнікам лёгкай прамысловасці папросту красці самае лепшае ў замежных вытворцаў: «Хто, Сяргей Сяргеевіч, перашкаджае нашым вялікім кіраўнікам канцэрнаў, выбачайце, красці гэтыя лякалы за мяжой?» – пытаўся тады Аляксандр Лукашэнка.

Варта адзначыць, для таго каб «капіяваць» і нават красці, некаторым беларускім вытворцам і раней не былі патрэбныя ніякія дазволы. Асабліва часта гэтая з’ява назіралася ў харчовай прамысловасці. Чаго вартая хаця б тая ж «Бела-Кола», якая выпускалася на Менскім заводзе безалкагольных напояў з 1998 года? Або памятаеце «Расінку», якая да болю нагадвае «Sprite», ці «Фан-Фан», якая і колерам, і смакам, і назвай падобная на «Fanta»?

Знакамітыя «Расінка», «Бела-Кола» і «Фан-Фан» ад МБЗН.
Фота: Бела-Кола / Facebook

Дый наогул, капіяванне (або пірацтва, або непрыхаваны крадзеж) – з’ява распаўсюджаная, і беларускія прадпрыемствы тут не ўнікальныя. Імкнучыся прадаць свой прадукт (часта не самай высокай якасці), шматлікія вытворцы па ўсім свеце ідуць па шляху паразітавання: капіюючы смакі, упакоўкі, знешні выгляд самога тавару, іх уласцівасці і інш. Не адстаюць тут і беларусы…

Вось так менскі «Крышталь» спрабаваў капіяваць вядомую французскую «Evian».
Фота: Marketing.by
Справа – шэдэўр алкагольнага крэатыву ад пухавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу «Іван Купала-торг». Калаж з фота amarone.pl / irecommend.ru

Часам з’яўляліся нават такія «кентаўры», пры вывадзе на рынак якіх наўмысна рабілася стаўка на падабенства з замежнай добра пазнавальнай прадукцыяй.

У 2016 годзе кампанія «Анега» выпусціла шакаладны батончык «Твікерс», дызайн і назва якога абурылі беларускае прадстаўніцтва харчовай кампаніі «Mars». Паводле іх, прадукт парушаў выключныя правы кампаніі «Mars» на выкарыстанне таварных знакаў. Крыніца: svaboda.org

Але гэта ўсё збольшага – выпадкі або не вельмі ўдалага, або ў адкрытую нахабнага капіявання замежных аналагаў. Што ж тычыцца беларускага рынку агулам, то, як адзначае экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «Beroc» Настасся Лузгіна, тэма з імпартазамяшчэннем у Беларусі даўняя, таму нейкія крокі робяцца на гэтым шляху пастаянна.

Гледзячы ў цэлым на структуру продажаў спажывецкіх тавараў, можна адзначыць, што з харчовых тавараў прадаецца большасць прадукцыі беларускай вытворчасці (іх удзельная вага ў 2023 годзе складала 77,5 %). А вось сярод нехарчовых тавараў доля беларускай прадукцыі меншая, імпарт тут пераважае (хоць у 2022–2023 гадах яго доля крыху скарацілася ў параўнанні з 2017–2021 гадамі, з 58 % да 55,7 %, што магло адбыцца ў выніку дзеяння санкцыяў, спаду даходаў насельніцтва ў 2022-м і закрыцця традыцыйных для беларусаў рынкаў).

У сувязі з гэтым беларускі ўрад хоча прымусіць людзей «любіць беларускае» і дае заданні чыноўнікам на тое, каб «знайсці і замясціць» усё імпартнае. А ўжо атрымліваецца, што атрымліваецца.

«ІнтэгрAcer»

У далёкім 2009 годзе гісторыя з імпартазамяшчэннем на «Інтэграле» выбухнула на ўсю Беларусь і стала шырока вядомай нават за яе межамі. Тады ў сеціве з’явіліся здымкі, на якіх з манітораў, «вырабленых» на «Інтэграле», здымалі налепку  з лагатыпам завода, а пад ёю красаваўся лагатып кампаніі «Acer».

Здзіўлены пакупнік у 2009 годзе знайшоў пад налепкай «Integral» лагатып «Acer». Крыніца: Хартыя-97

На заводзе апраўдваліся тым, што закупаюць дэталі ў вытворцаў, пасля чаго збіраюць іх у сябе. Лагатып, маўляў, наклейвалі, бо ж «гандлёвая марка павінна быць». Цікава, што пасля зборкі цана манітора істотна падымалася.

Пры гэтым на прадпрыемстве казалі, што недахопу ў заказах у «Інтэгралу» няма. Хаця чаму б ім было быць, калі ў беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы прыходзіла распараджэнне на закупку тавараў айчыннай прадукцыі? Вось «Інтэграл» і выйграваў тэндары.

На падставе гэтага факту ДФР завяло крымінальную справу ў дачыненні да «неўсталяваных службовых асобаў» кампаніі «Інтэгралтэхнікс» паводле артыкулу 250 КК «Распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». Тады гаворка вялася пра тое, што «ў сувязі з неабходнасцю выканання прагнозных паказчыкаў росту вытворчасці» прадпрыемства набыло ў камерцыйнай арганізацыі 400 манітораў маркі «Acer», пасля чаго часткова іх разабрала, зноў сабрала і выпусціла ў рэалізацыю, наклеіўшы лагатып свайго прадпрыемства. Ці скончылася тады чым крымінальная справа, невядома, але гэты выпадак стаў своеасаблівым мемам, класікай беларускага імпартазамяшчэння.

Ноутбук на «Гарызонце»

Крыху больш удалы прыклад – выпуск беларускага ноўтбука заводам «Гарызонт». 1 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка персанальна прадставіў яго грамадскасці падчас адкрытага ўроку «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню». Тады ён казаў, што ў гэтым ноўтбуку 12 % беларускіх дэталяў, паабяцаўшы, што да канца 2022-га іх будзе каля 30 %.

Аляксандр Лукашэнка прэзентуе ноўтбук «H-book» ад «Гарызонту». Крыніца: Зеркало

Карыстальнікі вельмі хутка знайшлі прататып, на аснове якога ствараўся «цуд беларускага лаптопапрому» – гэта «Lenovo IdeaPad 3».

У продаж кампутары паступілі толькі ў канцы снежня 2022 года, дый тое купіць іх можна было не ўсюды. Цяпер яны прадаюцца ў інтэрнэт-крамах, цана на іх у залежнасці ад мадэлі і канфігурацыі вар’іруецца ад 1370 да 2200 рублёў. У інтэрнэт-каталозе можна нават знайсці пару водгукаў на гэты кампутар, у цэлым нават някепскіх. Але зноў жа, прыблізна за такія ж грошы вы зможаце купіць ноўтбукі ўжо правераных часам брэндаў. Тады навошта вам кампутар ад «Гарызонту», калі вы, канечне, не дзяржпрадпрыемства?

Падвяло «Мотавела»

У жніўні 2022 года, калі Аляксандр Лукашэнка прыехаў на завод «Мотавела», тагачасны дырэктар прадпрыемства Мікалай Ладуцька з хваляваннем прэзентаваў яму «байк беларускай вытворчасці». Праўда, адзначыў Ладуцька, усе запчасткі ў ім – імпартныя, але вось «дызайн-праект, дызайн-ідэя, кампаноўка, збор усіх камплектуючых» – свае.

Байк, які прадстаўлялі Лукашэнку як айчынную распрацоўку.
Фота: Motolkohelp

Аляксандр Лукашэнка тады не асабліва натхніўся прамовамі Ладуцькі і адчытаў яго за тое, што, акрамя фараў, шчыткоў і рухавіка, усе дэталі, нават шыны для гэтага матацыкла робяцца ў Кітаі.

Праўда ж была яшчэ больш горкай. Карыстальнікі інтэрнэту вельмі хутка знайшлі, што прадстаўлены Лукашэнку матацыкл «M1NSK» вельмі моцна нагадвае французскі байк «Mash X-Ride Classic 650», вытворчасць якога поўнасцю вядзецца ў Кітаі. Больш за тое, з матацыкла не дадумаліся прыбраць эмблему «X-Ride». Пазней для таго, каб разабрацца з імпартазамяшчэннем, на прадпрыемства прыйшлося накіроўваць «галоўную па Менску» Наталлю Качанаву, якая пільна сачыла за выкананнем даручэнняў Лукашэнкі.

Птушкі пяюць

Добрай ілюстрацыяй таго, як праходзіць беларускае імпартазамяшчэнне, можа стаць наступная гісторыя. У канцы студзеня 2024 года ў беларускай дзяржаўнай прэсе з’явіліся звесткі аб тым, што беларускія навукоўцы ствараюць мабільную аплікацыю для распазнання спеваў птушак у натуральных умовах. Так, любы чалавек, «знаходзячыся на прыродзе, у лесе ці садзе, з дапамогаю смартфона зможа запісаць галасы птушак, а сістэма іх распазнае», сцвярджаюць удзельнікі распрацоўкі. Аплікацыя зможа ідэнтыфікаваць адразу да 10 відаў птушак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Фото: facebook.com/APB.BirdLife.Belarus

Вельмі прыгожая ініцыятыва, безумоўна. Але справа ў тым, што ў Беларусі ўжо ёсць такая аплікацыя. Яе яшчэ шэсць гадоў таму выпусціла грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны», называецца яна «Ptushki – Определитель птиц Беларуси», і яе можна спампаваць на смартфон з «Google Play». А наогул аплікацый такіх у прынцыпе створана нямала, і любую з іх бясплатна можна ўсталяваць на свой тэлефон.

Адметна, што ў 2021 годзе «Ахова птушак Бацькаўшчыны» была ліквідаваная, бо «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць». То, можа, і птушкі, якіх вызначала іх аплікацыя, спявалі нешта на «экстрэмісцкай» мове, а таму іх трэба было хутка «замясціць» правільным птушкамі ад НАН Беларусі?

Электрасупер-пуперкар

Акадэмія навук наогул даволі часта радуе беларусаў сваімі «вынаходкамі». Так, у 2022 годзе на выставе «Minsk ELECTRO-2022» яна прадставіла свой першы спартовы электрамабіль. Паводле словаў начальніка навукова-інжынірынгавага цэнтру Аб’яднанага інстытуту машынабудавання НАНБ Аляксандра Бялевіча, большасць электронікі ў аўтамабілі – уласнай вытворчасці, важыць ён адну тону, а разганяецца да максімальнай хуткасці за 6 секунд (пры гэтым Бялевіч не патлумачыў, якая гэта хуткасць).

Зверху – распрацоўка канструктара Дзмітрыя Кабанава. Знізу – электрамабіль, які Акадэмія навук прадставіла як уласную распрацоўку.
Фота: Хартыя-97

Але неўзабаве высветлілася, што ў аснову гэтага электракара ўзялі распрацоўку канструктара-самавука з Менску Дзмітрыя Кабанава.

Наогул жа, Акадэмія навук абяцала беларусам айчынны электрамабіль яшчэ з 2017 года. Але пакуль што «беларускія» электрамабілі прыязджаюць з Кітаю пад маркай «Geely».

Ініцыятыва на месцах

На думку Настассі Лузгіной, такія недарэчныя з’явы імпартазамяшчэння ўзнікаюць у Беларусі ў сувязі з «ініцыятывай на месцах»: бояззю і неабходнасцю выконваць нейкія спушчаныя зверху планы.

«Калі мы кажам пра такія анекдатычныя выпадкі, калі за беларускае спрабуюць выдаць тое, што ў асноўным складаецца з імпартных камплектуючых, гэта, мне здаецца, больш ініцыятыва на месцах, каб адсправаздачыцца перад кіраўніцтвам, што ў нас усё добра, што ідзе імпартазамяшчэнне. Калі ж гэтага не зрабіць, то, магчыма, нейкія праблемы будуць у тых жа прадпрыемстваў, арганізацыяў», – адзначае экспертка.

Што ж датычыцца самой імпартазамяшчальнай прадукцыі, кажа Настасся Лузгіна, то, акрамя ўстановак, якія даюцца прадпрыемствам, мы бачым, як дзяржава спрабуе прастымуляваць насельніцтва да таго, каб купляць прадукцыю, зробленую ў Беларусі. Так, узнікаюць праграмы льготнага крэдытавання на пакупку тавараў беларускай вытворчасці.

Але ў той жа час, адзначае экспертка, паколькі ў Беларусі ўсё ж яшчэ ёсць які-ніякі выбар, людзі самі абіраюць тое, што ім больш падабаецца. І, як паказвае практыка, выбар гэты робіцца найчасцей на карысць імпартных тавараў, бо ў шматлікіх пазіцыях айчынныя тавары прайграюць – часам у якасці, часам у цане.

На думку прадпрымальніка, блогера і вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандра Кныровіча, прыкладаў недарэчнага імпартазамяшчэння можна назбіраць даволі шмат, але, на ягоную думку, праблема не ў самім імпартазамяшчэнні, а ў тым, што чыноўнікі спрабуюць займацца бізнесам, а ім гэта «ніколі не ўдавалася і ніколі не ўдасца, яны для іншага прыстасаваныя».

«У чым сутнасць? Не ў праграме імпартазамяшчэння – гэта не бяда. Сутнасць у тым, што чыноўнікі займаюцца бізнесам, яны прымаюць рашэнне, што вось такі праект павінны быць рэалізаваны, бяруць грошы з беларускіх грамадзянаў, якія атрымліваюць праз падаткі, і зліваюць іх ва ўнітаз. І ніхто за гэта не адказвае», – кажа Аляксандр Кныровіч.

На ягоную думку, ніводзін чалавек не адказаў за правал імпартазамяшчальнага праекту, бо правал не ў тым, што не была выпушчана прадукцыя і не была створана пэўная колькасць працоўных месцаў, а ў тым, што гэты праект не акупіўся. Любы з гэтых праектаў, адзначае наш суразмоўца, мала таго, што патраціў грошы беларускіх падаткаплатнікаў, дык яшчэ і патрабуе грошай на сваё падтрыманне.

«Праблема ў тым, што беларуская дзяржава спрабуе займацца бізнесам, дасюль ёй гэтага не ўдавалася, бо ў Беларусі няма ніводнага паспяховага праекту дзяржаўнага бізнесу пасля 1991 года, які б не быў пабудаваны на дзяржаўнай манаполіі», – кажа Кныровіч. У якасці прыкладу ён прыводзіць «Белавія», Гарадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман», вінна-гарэлачную прамысловасць, уладальнікам якіх з’яўляецца дзяржава.

Наш суразмоўца адзначае, што калі паглядзець на прыклады тых галінаў, якія былі ўдалымі, то гэта Парк высокіх тэхналогіяў і сектар агратурызму. Там вызначылі ўмовы, далі нейкія льготныя рэсурсы, але самі «рукамі не лезлі і не камандавалі, дзе якую праграму распрацоўваць і дзе які дамок адкрываць для прыняцця гасцей – і таму гэта працуе».

Такім чынам, праблема, яшчэ раз падкрэсліў наш суразмоўца, у тым, што чыноўнік не можа займацца бізнесам – у яго для гэтага няма ані кампетэнцыяў, ані матывацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў