Паэзія планеты – у кішэні


Санеты Шэкспіра або рубаі Умара Хаяма па-беларуску – шэдэўры сусветнае паэзіі цяпер змяшчаюцца ў кішэні. Кніжную серыю «Паэты планеты» прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Заснаваў серыю яшчэ ўлетку выдавец Зміцер Колас. І ўжо можна сказаць: яна здабыла папулярнасць. Першыя шэсць покетбукаў, у якіх лірыка розных эпохаў – ад старажытнагрэцкай Сапфо і да чылійскай набэліянткі Габр’елі Містраль, – ужо амаль распрадаліся. І вось чым тлумачыцца поспех, лічыць выдавец, перакладчык Зміцер Колас:

«Беларускі чытач – гэта ў першую чаргу аматар паэзіі. Паглядзіце, у нас самыя вялікія пісьменнікі – гэта паэты. Мы паэтычная нацыя!»

Да прэзентацыі серыя папоўнілася выданнямі Бадлера, Умара Хаяма, Рыльке. У кожнай кнізе – уся палітра беларускіх перакладчыкаў. Пра свой выбар распавядае Андрэй Хадановіч:

«Мяне цікавяць новыя перастварэнні Шэкспіра, і як пераклады маладых перакладчыкаў і перакладчыц суіснуюць з класічнымі барадулінскімі і дубоўкаўскімі».

У найбліжэйшы час выйдуць творы Эдгара По, Апалінэра, Кітса, Гайнэ. Размах сапраўды планетарны: выдавец плануе прынамсі 70 тамоў, а як будзе попыт, то і больш за сотню.

Іншыя тэмы:

Восем гісторыяў Валерыя Кацубы пра сяброўства, настальгію і каханне.

Граф Тышкевіч, фільм і мастацтва фатаграфіі.

Спеўныя вандроўкі да Агінскага і Манюшкі.

Трыццаць дэталяў алтара.