Прынята лічыць, што ўціхамірнік паўстання Кастуся Каліноўскага Міхаіл Мураўёў (Вешальнік) вымавіў такія словы: «Што не дарабіў расейскі штык – даробіць руская чыноўнік, руская школа і рускі поп». З тых даўніх падзей прайшло амаль 200 гадоў, аднак гэтыя словы як ніколі актуальныя для нашага грамадства і сёння.
Нягледзячы на тое, што расейскі штык фармальна на нашай зямлі адсутнічае, тым не менш, усё астатняе не толькі прысутнічае, але і актыўна функцыянуе, умацоўваючы расейскі дух у нашай краіне.
Гэтыя думкі навеяў нашумелы выпадак у Салігорску, дзе руплівыя настаўнікі (асабліва настаўніца расейскай мовы і літаратуры!) настаялі на тым, каб вучань выдаліў свае вершы пра нацыянальную беларускую сімволіку са сваёй старонкі ў інтэрнэце!!!
«Стаю пад сцягам перамог. І чую прыналежнасць да поспехаў, да барацьбы за чыстую свабоду. Няма цяпер яе ў нас. Вяртайце сцяг народу».
Акрамя таго, школа ўжо праінфармавала бацькоў гэтага вучня пра праверку іх сем’і. Сямʼю, мабыць, ужо ўнеслі ў спіс нядобранадзейных. Цалкам відавочна, што ўсе БЕЛАРУСКАЕ ў галовах расейскіх настаўнікаў разглядаецца як небяспечнае думказлачынства, якое патрэбна неадкладна знішчыць.
Наўрад ці гэты выпадак варта ацэньваць як анамалію. Не, гэта сістэма, а дакладней сістэмнае, мэтанакіраванае разбурэнне беларускай прасторы ці таго, што ад яе засталося. У гэтым кантэксце варта прыпомніць вядомы выпадак (2015 год), калі ў сетках з’явіліся фатаграфіі кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрната ў майках з «Пагоняй». Адміністрацыя пачала неадкладныя рэпрэсіі.
Я лічу, што немалая частка настаўнікаў беларускіх школ – гэта прыхільнікі «русского мира». Яны рэальныя зялёныя чалавечкі Пуціна, ягонае войска. Пра чыноўнікаў, напэўна, і гаварыць не варта, як і пра «папоў». У гэтым усім важна тое, што «расейскі настаўнік і чыноўнік» выраслі не на расейскіх штыках, яны былі створаныя ў межах цяперашняй незалежнай дзяржавы. Уся гэтая «армія» фармавалася 25 гадоў і чакала свайго генерала.
Як у такіх умовах можна казаць пра «беларусізацыю»? У чым яе праява? Няўжо ў рэкламных шыльдах або ў «вышыванках», у якія апранаюцца некаторыя афіцыйныя палітыкі? Усё гэта пустое, шоу для аскепкаў нацыянальнай інтэлігенцыі. Наша культурная і гістарычная прастора акупаваная, інфармацыйную вайну практычна прайгралі. Няма аніякіх шанцаў захаваць незалежнасць краіны, калі школа і настаўнік свядома падрываюць яе асновы, знішчаючы найменшыя праявы нацыянальнага патрыятызму маладога пакалення.
У сваю чаргу, за расейскім чыноўнікам, расейскай школай і расейскім папом абавязкова прыйдзе расейскі штык.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.