ЗСУ, імаверна, апынуліся ў катле на ўсходзе Краснагораўкі. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 806-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны на купянскім кірунку адбілі не менш за 16 атак ворага ў ваколіцах населеных пунктаў Петрапаўлаўка, Сынькоўка, Іванаўка і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ прарвалі абарону ўкраінцаў у паселішчы Бераставое, баі каля якога актывізаваліся ў канцы красавіка.

На суседнім ліманскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе 11 беспаспяховых атак ворага побач з населенымі пунктамі Макееўка, Невельскае, Навалюбаўка, Твэрдахлібава, а таксама на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва на Луганшчыне.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На паўночным флангу бахмуцкага кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на франтавым выступе з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што расейцы працягваюць штурмаваць Белагораўку, але пакуль не маюць поспеху і пры гэтым нясуць сур’ёзныя страты ў жывой сіле.

Паралельна з гэтым яны спадзяюцца абысці населены пункт з паўднёвага захаду, атакуючы ў кірунку паселішча Выемка, – пакуль безвынікова.

Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што ніжэй войскі РФ выбілі ворага з апорнага пункту на поўначы ад паселішча Вясёлае.

Аналітыкі праекту «Deepstate» фіксуюць сур’ёзныя прасоўванні расейцаў у ваколіцах Вясёлага, але адзначаюць, што адбыліся яны за доўгі прамежак часу. Удакладняецца, што такая сітуацыя склалася праз адсутнасць магчымасці атрымання аператыўнай інфармацыі з гэтага ўчастку фронту.

Агулам, на думку аналітыкаў, расейцы засяродзілі вялізныя сілы на поўначы бахмуцкага кірунку і цяпер разлічваюць прарвацца да гораду Сівэрск, каб зрэзаць выступ і выйсці з тылу да групоўкі ЗСУ, якая абараняецца на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва.

На захадзе расейцы наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Часаў Яр, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка, але істотных поспехаў не маюць.

«Офіцер» паведамляе, што расейцы часцяком заходзяць на новыя пазіцыі каля Часавага Яру, але потым аператыўна выбіваюцца або бяруцца ў палон. Таксама крыніца адзначае цяжкую сітуацыю ў паселішчы Іванаўскае, дзе ЗСУ яшчэ захоўваюць пазіцыі.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – канал «Говорять Снайпер» – фіксуе безвыніковыя спробы расейцаў перабрацца цераз канал Сівэрскі Данец – Данбас. У гэты ж час самыя Збройныя сілы вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў каля Часавага Яру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў назіраецца на аўдзееўскім кірунку, дзе, паводле ўкраінскага камандавання, яны за апошнія содні прынамсі 45 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Яўгенаўка, Сокіл, Навасёлаўка Першая, Калінава, Новапакроўскае, Сэмэнаўка, Уманскае, Нэтайлава і Невельскае.

«Рыбарь» піша, што на паўночным флангу кірунку УС РФ вядуць зачыстку тэрыторыі паміж паселішчамі Ачэрэтына і Архангельскае, а таксама прасоўваюцца ў бок Новааляксандраўкі.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што ніжэй войскі РФ цалкам захапілі паселішча Уманскае.

У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў каля Нэтайлава і з поўдня ад Первамайскага.

На навапаўлаўскім кірунку паступова пагаршаецца сітуацыя для сілаў абароны Украіны ў Краснагораўцы. Канал «Фронтовая птичка» піша, што расейцы прасунуліся ў цэнтральнай частцы гораду, абышоўшы з усходу тэрыторыю мясцовай цагельні. Адначасова з гэтым УС РФ развіваюць поспех на паўночным усходзе Краснагораўкі, дзе раней ім удалося замацавацца ў прыватным сектары.

«Рыбарь» сцвярджае, што разам з тым ЗСУ працягваюць утрымліваць пазіцыі ў вышынных дамах ва ўсходніх мікрараёнах гораду і прылеглых да іх лесапасадках. Пры гэтым украінцы на гэтым участку цалкам аточаныя ворагам, і, на думку крыніцы, апынуліся ў катле.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што далей на поўдзень па лініі сутыкнення працягваюцца сустрэчныя баі ў цэнтральнай частцы паселішча Георгіеўка, але істотных зменаў не фіксуецца. Таксама крыніца адзначае баі ў ваколіцах Парасковіеўкі, дзе УС РФ маюць лакальныя поспехі.

Генштаб ЗСУ фіксуе захаванне ціску на пазіцыі сілаў абароны каля паселішча Вадзяное.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Уражайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). Генштаб ЗСУ ўдакладняе, што каля апошняга паселішча толькі за апошнія содні расейцы атакавалі не менш за 19 разоў.

«Рыбарь» піша, што пры гэтым УС РФ прасунуліся на ўскрайках Уражайнага і на захадзе ад Старамаёрскага.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе фронту паміж паселішчамі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). Канал «Два майора» фіксуе прасоўванні расейцаў на поўнач апошняга населенага пункту.

У Херсонскай вобласці лінія сутыкнення застаецца нязменнай: тут Узброеныя сілы РФ атакуюць плацдармы ЗСУ на левым беразе Дняпра, але поспеху не маюць.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў