Мы часта кажам пра расстраляных у Курапатах, мастакі малююць іхныя партрэты, на жалобных акцыях зачытваюцца спісы прозвішчаў. А як выглядалі тыя, хто стаяў па іншы бок, сціскаючы рыфленую рукаяць варанёнага нагана? Хто аддаваў загады?..
У Расеі ёсць такі цікавы форум, дзе абмяркоўваюць пытанні з гісторыі савецкіх карных органаў (ВЧК, ОГПУ, НКВД, КГБ…). У тым ліку часам там шукаюць сваіх родных нашчадкі савецкіх службоўцаў. Гэтак, яшчэ ўвесну 2014-га на форуме прамільгнула паведамленне ад нейкай Таццяны, якая шукала інфармацыю пра стрыечнага брата сваёй маці ды ягонага бацьку – абодва нібыта служылі ў МУС у Вільні ў 1947 годзе. Імя стрыечнага дзеда Таццяны –Уладзімір Усцінавіч Нікіцін.
Жанчына мела нейкія ўрыўкі інфармацыі, але нічога канкрэтнага. Маўляў, калі малодшы Нікіцін быў афіцэрам сярэдняга звяна, дык ягоны бацька – падпалкоўнікам і нават меў Ордэн Леніна! Больш за тое, ейныя звароты на Лубянку ніякага плёну не далі – маўчанне. А даведацца пра лёс сваяка-ардэнаносца карцела… чаму ж не?
Ішоў час, звесткі на «дзеда» знайшліся. Аказалася, што Уладзімір Усцінавіч нарадзіўся ў 1898 г. на Смаленшчыне, расеец. Чалец партыі бальшавікоў з 1926 года. Адукацыя сярэдняя. Даслужыўся да падпалкоўніка КГБ, начальнік турэмнага аддзелу УНКВД Стаўрапольскага краю.
Узнагародаў багата: два ордэны Чырвонай Зоркі (1938 і 1944), ордэн «Знак Пашаны» (1943), ордэн Чырвонага Сцяга (1945), медаль «За адвагу» (1944), Ордэн Леніна (1945) і г.д.
Зрэшты, аднаго ордэну Чырвонай Зоркі ў 1970-ых чэкіста пазбавілі. Чаму? Бо атрыманы ён быў за сталінскія дэпартацыі чачэнцаў ды інгушоў… У познім Савецкім Саюзе, відаць, была прынамсі спроба правесці нейкую рэвізію ардэнаносцаў. Але самае цікавае – наперадзе.
У кароткай біяграфіі ёсць яшчэ адная згадка: у 1937 годзе Нікіцін служыў малодшым лейтэнантам КГБ у БССР. А гэта ўжо цікава… У адным са старых артыкулаў гісторыка Ігара Мельнікава, сярод іншых «катаў менскіх турмаў», – згадваецца нейкі Уладзімір Нікіцін. Ці не той самы?
А ў жнівеньскім матэрыяле TUT.BY пішацца ўжо наўпрост – нейкі Нікіцін у 1939-ым кіраваў камендатурай НКВД у Менску, а беспасярэдне працаўнікі камендатуры – Бачкоў, Якаўлеў, Коба, Астрэйка ды інш. – ягоныя падначаленыя – і займаліся расстрэламі ў Курапатах. Пасьянс склаўся!
Далей – болей. У 1989 годзе, як аказалася, састарэлага 91-гадовага Нікіціна ў Маскве ўсё ж такі знайшлі чальцы групы, якія займаліся «Справаю Курапатаў». Не будзем прыводзіць апісанне моманту сустрэчы цалкам – яно ёсць у кнізе «Курапаты. Следства працягваецца» 1990 года– перакажам толькі галоўнае.
На той момант былі ўжо і ўспаміны сведкаў, якія жылі побач з расстрэльным лесам, і знаходкі гільзаў, і парэшткі з Курапатаў. Не было адно інфармацыі пра саміх выканаўцаў. І тут аднаму з чальцоў групы наўпрост затэлефанавала жыхарка Менску са словамі: «Вы і праўда не можаце знайсці тых, хто расстрэльваў у Курапатах? Запісвайце адрас: Масква, праспект…»
Там, у Маскве, дзверы адкрыў мажны немалады мужчына, які адрэкамендаваўся як Нікіцін і, пачуўшы пра мэту візіту, перанакіраваў да бацькі. Магчыма, гэта і быў Яўген Нікіцін, які і служыў у Вільні ў 1947 годзе, чэкіст, сын чэкіста. Або – брат? Бацька, паводле яго, сур’ёзна захварэў, хоць месяц таму яшчэ быў у парадку. А цяпер і гаварыў з цяжкасцю… але размова ўсё ж такі адбылася.
Пачуўшы, што госці з Менску, Нікіцін-старэйшы, схуднелы сівавалосы стары, ажывіўся. Слухаючы пытанні, нават нешта мармытаў, але аўтары кнігі пачулі ўсяго два моманты. На пытанне, колькі ў Курапатах расстрэльвалі штодня, Уладзімір Усцінавіч адказаў «…ццаць». На пытанне дзе – «на горцы»…
Сын у размове не хаваў, што напрыканцы 1930-ых бацька кіраваў Камендатурай НКВД БССР. Коба, Ягадкін, Каўфман ды іншыя калегі часцяком заходзілі ў госці – усе яны жылі ў адным доме на вул. Кірава ў. Пасля Уладзімір Усцінавіч служыў у СМЕРШы, працаваў на кіроўных пасадах у Вільні, Стаўрпалі, Волагдзе. У адстаўку выйшаў у званні палкоўніка.
Звестак пра смерць Уладзіміра Нікіціна ў нас няма. Але нават калі ён памёр у тым жа 1991-ым, калі да яго завіталі госці з Менску, чэкісту было 93 гады. А мо і да 100 дажыў, хто ведае?
Затое, дзякуючы заўзятарам гісторыі НКВД-КГБ з таго ж форуму, пра які ішлося на пачатку тэксту, мы цяпер маем фота самога «героя» нашага расповеду. Паходзяць яны з сямейнага архіву нейкай Т.Л. Грачовай. Магчыма, друкуюцца ўпершыню – тады беларусы маюць унікальную магчымасць нарэшце зірнуць у вочы «кату з Курапатаў»… Хоць бы на фота.
Таццяна, сваячка Нікіціна, у форумнай перапісцы на фота і вышэйпададзеную інфармацыю (пра расстрэлы ў Курапатах там не было, але і іншага, відаць, хапіла) адрэагавала лаканічна: «Вочы на партрэце Нікіціна У.У. мяне не падманулі. Нешта падобнае я і ўяўляла (Я пра ягоную службу ў Стаўраполлі. Нездарма, відаць, кантакты былі цалкам абарваныя».
Алесь Кіркевіч, belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.