За парванае вуха: маці гомельскай школьніцы падала на настаўніцу ў суд


Маці школьніцы з гомельскай гімназіі №71 падала заяву ў суд Савецкага раёну. Заяўніца просіць узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да настаўніцы, якая цягала дзяўчынку за вуха, піша «Народная Воля».

Інцыдэнт адбыўся 21 студзеня. На ўроку матэматыкі педагог пачатковых класаў, якая мела званне «Настаўнік года-2017», схапіла дзяўчынку-трэцякласніцу за вуха і так тузанула яе, што медыкам пасля давялося накладваць швы.

Па заяве бацькоў Савецкі РАУС Гомля праводзіў праверку. Вынікаў гэтай праверкі міліцыя не агучвала, спаслаўшыся на інтарэсы малалетняй школьніцы, якія ахоўваюцца і могуць быць абнародаваны толькі законнымі прадстаўнікамі дзяўчынкі.

Вядома, што ў дзеяннях настаўніцы ёсць прыкметы складу злачынства, апісанага ў артыкуле 153 Крымінальнага кодэкса – «Наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання». Артыкулам прадугледжаны чатыры віды санкцый: грамадская праца, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, а таксама арышт.

Пасля здарэння 47-гадовая настаўніца трапіла ў лякарню. Паводле «Народнай Волі», яна заяўляла, што не мае намеру вяртацца на працу ў гімназію.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў