У Гомельскай вобласці зафіксавалі першы выпадак захворвання на адзёр: захварэў 35-гадовы жыхар Жлобіна, які вярнуўся на днях з Адэсы.
TUT.BY даведаўся, што цяпер хворы ляжыць у Гомельскай інфекцыйнай больніцы. Яго стан стабільны, хвароба не пагражае жыццю.
Цяпер медыкі назіраюць за людзьмі, якія кантактавалі з хворым, – сваяком мужчыны, калегамі па працы і медыкамі, з якімі ён меў зносіны падчас прыёму.
На сёння ўсе кантактныя людзі здаровыя.
У Беларусі колькасць захварэлых на адзёр павялічваецца з лютага. Першыя выпадкі захворвання зафіксавалі ў Ваўкавыску. Па звестках Міністэрства аховы здароўя, 15 сакавіка лабараторна пацвердзілі 24 выпадкі захворвання на адзёр.
Падтып віруса, які зарэгістравалі ў Ваўкавыску, раней у Беларусі не цыркуляваў. Ён сустракаецца ў краінах Еўропы, у тым ліку Украіне.
У нашых паўднёвых суседзяў успышку захворванняў на адзёр зафіксавалі яшчэ напрыканцы 2017-га. З пачатку гэтага года там ужо захварэла чатыры тысячы чалавек. Нягледзячы на вялікую колькасць хворых, Украіна не спяшаецца абвяшчаць эпідэмію.
Па звестках Еўрапейскага цэнтру па кантролю і прафілактыцы захворванняў сітуацыя даволі цяжкая па ўсёй Еўропе. Самая вялікая колькасць хворых на адзёр – у Сербіі.
У выпадку Беларусі пра эпідэмію казаць пакуль рана. Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 80 % захварэлых не былі прышчэпленыя.
ДД