Японія з 1 студзеня 2018 года спрашчае візавыя патрабаванні для атрымання кароткатэрміновай візы грамадзянамі Беларусі з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж дзвюма краінамі. Пра гэта гаворыцца ў заяве японскай амбасады ў Менску.
У прыватнасці, будзе пашырана кола заяўнікаў, якія маюць права на атрыманне шматразовых кароткатэрміновых візаў (знаходжанне не больш за 90 дзён) з дзелавымі мэтамі, а таксама для дзеячаў культурнай і інтэлектуальнай працы. Акрамя таго, максімальны тэрмін дзеяння візаў будзе павялічаны з 3 да 5 гадоў.
Для заяўнікаў, якія самастойна аплачваюць паездку, ліквідуюцца гарантыйныя дакументы, якія раней былі неабходныя для атрымання кароткатэрміновай візы.
«Мяркуецца, што з уступленнем у сілу вышэйпералічаных змяненняў палепшацца ўмовы для бізнесоўцаў і турыстаў, а таксама павялічыцца колькасць грамадзянаў, якія паўторна наведваюць Японію. У выніку чакаецца актывізацыя кантактаў паміж грамадзянамі Японіі і Беларусі», – гаворыцца ў заяве амбасады.
ІІ, belsat.eu