Як падрыхтавацца да крызісу, каб не збяднець і не звар'яцець?


Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Эканамічны спад няўхільна насоўваецца, і Беларусь наўрад ці застанецца падчас сусветнага эканамічнага крызісу выспаю спакою і дабрабыту.

Найбольш балюча крызіс ударыць па гаманцы звычайнага чалавека, але моц і колькасць удараў можна зменшыць. Мы запыталі эканамістаў і прадпрымальнікаў, як змінімалізаваць негатыўныя наступствы для сваіх фінансаў. Набываць валюту? Пільна забіраць уклады з банкаў? Зацягваць крэдыты? Закупацца харчамі і таварамі? Лепш прадаваць ці набываць жытло? А таксама – як у гэты напружаны час заставацца спакойным і напоўніцу радавацца жыццю? Паверце, гэта магчыма!

Ці можна зарабіць на крызісе?

– Адзіная парада для абывацеляў – быць асцярожнымі, не рызыкаваць, не ўлазіць у авантуры ды чакаць. Простаму чалавеку лепш не спрабаваць зарабіць на крызісе: ёсць рызыка страціць усё. Лепш паспрабаваць зберагчы, – упэўнены эканаміст, старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. – Усе гэтыя гісторыі пра спрытных спекулянтаў, якія зарабілі багацце на крызісе, не пра абывацеляў. За кожным такім выйгрышам стаіць натоўп тых, хто прайграў, хто страціў усё. Абывацелям лепш трымацца як найдалей ад спекуляцыйных схемаў.

Сяргей Балыкін

Згодны з ім і эканаміст, эксперт праграмы «Асабісты капітал» Міхал Залескі:

– Зарабіць можна на ўсім, што і робяць ува ўсе часы ды па ўсім свеце два-тры чалавекі на сотню. У астатніх на тое таленту няма.

Міхал Залескі.
Фота: Belsat.eu

Што можна зрабіць, каб не страціць ашчаджэнняў?

– Для большасці беларусаў пытанне захавання ашчаджэнняў неактуальнае. Зберажэнняў, у нармальным сэнсе, у нас няма. Інвестыцыі ў будучыню абсалютная большасць беларускіх грамадзянаў не робяць, ды і сэнсу асаблівага ў нашых умовах няма. І магчымасцяў таксама амаль няма. Так што прасцей расслабіцца, – кажа Сяргей Балыкін.

Hавiны
Эксперт: У гэтым годзе дэфолту не будзе
2020.03.20 14:15

Ці бегчы ў абменнікі набываць валюту?

– У пераважнай бальшыні людзей калі і ёсць нейкі грашовы запас, то ён ужо ў валюце. Ніякага зніжэння негатыўных наступстваў ад тога запасу не будзе, бо ён найчасцей у больш заможных мэтавы – на хату, на машыну, а ў бяднейшых – напрыклад, на чаравікі зімовыя. Як прыйдзецца праядаць, то першым хопіць на паўгода, а другім – на месяц, – кажа Міхал Залескі.

– Валюта ў доўгатэрміновай перспектыве будзе расці. І калі нехта мае пэўную суму наяўных беларускіх рублёў і не плануе іх выдаваць на бягучае спажыванне бліжэйшым часам, то ёсць сэнс палову канвертаваць у долары, палову – у еўры, – раіць Сяргей Балыкін.

Hавiны
Прадпрымальнікі просяць урад дапамагчы пераадолець крызіс
2020.03.19 20:34

Ці варта набываць цяпер золата?

– Золата як інвестыцыйны актыў для большасці нашых грамадзянаў недаступнае. Ювелірныя вырабы як інвестыцыю разглядаць няварта, бо акрамя цаны золата, цана ювелірных вырабаў уключае ў сябе і кошт працы. Але калі хтосьці хоча набыць упрыгожанні – цяпер зручны час, цэны на іх паднімуцца. Але гаворка менавіта пра асабістае спажыванне: набываць вырабы з золата з мэтаю перапродажу няварта. Што датычыць мерных зліткаў, то цана на іх такая, што спекуляцыі з імі наўрад ці будуць выгаднымі, хіба што ў вельмі доўгатэрміновай перспектыве, – кажа Сяргей Балыкін.

Hавiны
«Бегчы ў абменнікі няма з чым». Чаму беларусы не стаяць у чэргах па валюту?
2020.03.20 17:15

Што будзе з нерухомасцю – падаражэе ці патаннее?

– Цяпер кошты на новабудоўлі высокія ды амаль паўсюль прывязаныя да курсу долара. Так што я б цяпер у будаўніцтва не лезла. Маё асабістае адчуванне, што нармальная цана квадратнага метра ў камфортным доме на сталічным праспекце Дзяржынскага або на Прытыцкага – каля $ 1200. У панэльнай новабудоўлі – $ 1000. Я б дачакалася гэтых лічбаў, – кажа Наталля Літоўская, экспертка ў нерухомасці.

Наталля Літоўская.
Фота: уласны архіў

Ці варта цяпер зацягваць крэдыты?

– Калі вы знайшлі кватэру сваёй мары ды кошт вас задавальняе, але патрэбны крэдыт, то трэба паспрабаваць паспець яго атрымаць, пакуль даюць. На жаль, крэдыты ўжо сталі менш даступныя. Калі раней, каб атрымаць $ 20 тысячаў, у банку трэба было прасіць Br 42-46 тысячаў, то цяпер гэта ўжо Br 54-56 тысячаў. Каб далі такую суму, мусяць быць высокія даходы. Ці выгадна браць крэдыт? Пакуль так, стаўкі невысокія. Але разлічваць, што штомесячныя выплаты праз дэвальвацыю будуць усё больш падʼёмныя, не варта тым, хто атрымлівае заробак у беларускіх рублях. Росту заробкаў нам не абяцаюць. Цяпер крэдыты на нерухомасць прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, а яе могуць праз некаторы час злёгку падняць, праз што банкі могуць павялічыць выплаты, – кажа Наталля Літоўская.

Ці будзе дэфіцыт тавараў? Ці будуць працаваць рынкі?

– Для індывідуальных прадпрымальнікаў ужо склалася катастрафічная сітуацыя. Тавар у нас ёсць, але няма пакупнікоў. Мы рыхтаваліся да маркіроўкі, таму закупілі шмат абутку, з мінулых сезонаў засталося шмат тавару. Але цяпер людзі закупляюць грэчку, макарону і туалетную паперу, а не абутак. Таму нам няма з чаго плаціць арэнду і падаткі. Паводле нашага апытання, у 62 % прадпрымальнікаў рэсурсаў засталося на месяц, у рэшты – на два месяцы, – кажа Анатоль Шумчанка, старшыня прадпрымальніцкага грамадскага абʼяднання «Перспектыва».

Анатоль Шумчанка

– Тавар будзе заўсёды, мы і ў крызіс знойдзем магчымасць прывезці вопратку. Галоўнае, каб былі ў Беларусі пакупнікі на нашыя тавары, але пакуль няма нагоды для аптымізму. Уратаваць дробны і малы бізнес можа толькі дзяржаўнае падтрыманне, але пакуль улады да ІП ставяцца абыякава.

Ці чакаць росту коштаў?

Можа, у год прэзідэнцкіх выбараў улады прыкладуць намаганні і не дадуць народу крытычна збяднець?

– Таннымі рэчы бываюць не самі па сабе, а адносна прыбыткаў людзей. Таму чакаць, што нешта патаннее, не выпадае. Паколькі я выхаваны як беларус, то ні дня ў жыцці на нейкіх там начальнікаў не спадзяваўся і нікому тое рабіць не раю. Кожны мусіць сам паклапаціцца пра сябе і сваю сямʼю. Прычын для панікі і празмерных хваляванняў няма. Так было заўсёды, так ёсць і так будзе, – кажа Міхал Залескі.

Крызіс – гэта стрэс

Сапраўды, не першы раз у сучаснай гісторыі адбываецца эканамічны крызіс, калі на змену росту прыходзіць спад і нават дэпрэсія.

– Калі вы думалі, што такога больш ніколі не будзе, то чарговы раз можна спытаць сябе: «Чаму я такое наіўнае дзіця, калі я ўжо дарослы?» Мы жалімся на дзяржаву, а самі элементарна не можам падрыхтаваць фінансавую падушку бяспекі. Вінавацім улады ў тым, на што самі не здольныя. Ні адна дзяржава не ў стане кантраляваць «чорных лебедзяў» – раптоўныя форс-мажоры, – перакананая прадпрымальніца, інвестарка, міжнародная трэнерка і коўч Святлана Зэрэ.

Святлана Зэрэ.
Фота: уласны архіў

Крызіс, безумоўна, нясе пэўныя страты, але заўсёды дае і магчымасці. Каб імі скарыстацца, трэба захаваць спакойны і светлы розум, не паддавацца паніцы.

– У кожнага ёсць выбар: ці вы кіруеце сваім страхам, ці страх кіруе вамі, зводзіць вас з глузду, прымушае рабіць абсурдныя рэчы (напрыклад, скупляць туалетную паперу, маскі ў аптэцы ды грэчку на 5 гадоў наперад), усяляе ў вас рэгулярную трывогу, пазбаўляе сну ды разбурае вас і вашае жыццё. Мы штодня трэнуем стрэсавы стан, але вельмі мала трэнуем спакой, – адзначае Святлана Зэрэ.

Hавiны
Праз каронавірус Нацбанк рэкамендуе банкам прадставіць беларусам крэдытныя канікулы
2020.03.20 21:00

Як падчас крызісу заставацца спакойнымі і радавацца жыццю?

5 парадаў ад Святланы Зэрэ:

1) Завесці дзённік задавальнення. Кожны дзень запісваць, што вам удалося зрабіць для сябе, каб вам было добра.

2) Смяяцца як мага больш. Гарманальны кактэйль смеху нейтралізуе гарманальны кактэйль страху з велізарным выкідам картызолу (гармону стрэсу).

3) Навучыцца жыць цяпер. Перастаць рабіць з сябе ўсёмагутнага Бога, які можа кантраляваць усё, а навучыцца кантраляваць свой стан.

4) Напоўніць свае дзеянні сэнсам. Перамясціць на іх сваю ўвагу: дзе ўвага, тое і расце. Баімся захварэць – прыцягваем хваробу. Напаўняем кожны момант шчасцем, цішынёю, любоўю – гадуем гэта ў сябе ўнутры.

5) Знайдзіце 30 плюсаў сітуацыі, якая склалася, і запішыце іх. Якое гэта шчасце на пэўны час запаволіцца, спыніць гонку, атрымаць асалоду ад таго, што ўжо ёсць, пераасэнсаваць усё і згадаць пра сапраўды важнае ды каштоўнае!

Нашыя продкі казалі так: грошы згубiў – нiчога не згубiў, здароўе згубiў – палавiну згубiў, розум згубiў – усё згубiў. Гэткая народная мудрасць ператрывала і пандэміі, і крызісы. Найбольш імаверна, што і цяпер не страціць актуальнасці.

Вольга Старасціна, Belsat.eu

Стужка навінаў