Што вядома пра «неанацысцкую змову ў нямецкай арміі»?


«У нямецкім войску выкрылі групоўку прыкладна ў 200 элітных вайскоўцаў, якія рыхтавалі палітычныя забойствы», – паведамілі на днях расейскія СМІ, ад уладных да незалежных. Аднак дзіўным чынам як раз нямецкія газеты і каналы, якія звычайна вельмі балюча рэагуюць на любыя нацыстоўскія праявы ў сваёй краіне, збольшага праігнаравалі гэтую тэму.

Адкуль пайшла інфармацыя?

У вайскоўцаў былі знойдзеныя «арсеналы зброі і паліва», імі планаваліся забойствы ў нейкі «дзень Ікс» некаторых лідараў левых палітычных партый, міністра замежных спраў Нямеччыны і былога прэзідэнта, а таксама лідараў імігранцкіх арганізацый, пісалі расейскія СМІ са спасылкай на нямецкае выданне Focus і брытанскую газету The Daily Mail.

Але, па-першае, The Daily Mail – таблоід, які ганяецца за сенсацыйнымі загалоўкамі і зусім не заўсёды правярае інфармацыю. Па-другое, рэдактары не праверылі ці не свядома захацелі праверыць, інфармацыю Focus і тое, чаму вялікія нямецкія ці міжнародныя сродкі масавай інфармацыі не сталі тыражаваць нагэтулькі «гарачы» факт.

Навошта вайскоўцам-путчыстам забіваць аднаго міністра, аднаго экс-прэзідэнта ФРГ, а таксама лідараў не самых уплывовых апазіцыйных партый, калі ўлада належыць іншым партыям? Адказу на пытанні таксама не было.

Пры гэтым у паведамленнях расейскіх СМІ адбылося змешванне інфармацыі Focus і The Daily Mail. А супрацоўнікі расейскіх СМІ, складваецца такое ўражанне, нават не сталі чытаць тое, што напісала на самой справе нямецкае выданне.

Трэніроўка нямецкіх камандас з атраду KSK. Фота wikipedia.org

Што адбылося на самой справе?

У 2017 годзе ў Нямеччыне быў арыштаваны старшы лейтэнант нямецкага войска Франко А. Гэты афіцэр, па версіі следзства, мае праварадыкальныя погляды і падазраваўся ў планах зрабіць тэракт пад выглядам сірыйскага ўцекача, каб справакаваць антыімігранцкія настроі. Аднак летам 2018 года нямецкі суд палічыў, што доказы планавання тэракту недастатковыя. Справа яшчэ працягваецца, бо пракуратура абскарджвае рашэнне суду.

Калі следчыя вывучалі кантакты Франко А, яны знайшлі некаторыя зачыненыя інтэрнет-суполкі і чаты, сябрамі якіх былі былыя і сучасныя жаўнеры бундэсвера. У тым ліку там былі адносна нешматлікія, але распаўсюджаныя ў шмат якіх краінах супольнасці, якія рыхтуюцца да пэўных катаклізмаў – прыродных, тэхналагічных ці палітычных. У сувязі з гэтым яны будуюць схованкі, запасаюцца ежай, палівам, інструментамі ды зброяй.

Фота з суполкі Uniter.

У публікацыі Focus згадвалася суполка Uniter, якая складаецца пераважна з былых і дзейных нямецкіх паліцэйскіх і камандас. Гэта суполка абвергла публікацыю Focus і заявіла, што прытрымліваецца Канстытуцыі ФРГ, выступае за абарону праў чалавека.

Такім чынам «неанацысцкая змова ў эліце нямецкіх сілавых структураў» пераўтвараецца ў інтэрнэт-суполку, адміністратарам якой нават абвінавачанні не выстаўленыя.

Для чаго патрэбны быў гэты фэйк?

Расейскі ўрад выкарыстоўвае прапаганду не так, як гэта рабілася раней. Пра гэта пішуць у дакладзе «Перамога ў інфармацыйнай вайне» аналітыкі Эдуард Лукас і Пётр Памеранцаў. Па іх меркаванню, мэта Масквы цяпер не столькі пераконваць насельніцтва іншай краіны ў сваёй праваце, але ствараць атмасферу няпэўнасці і пасіўнасці ці параноі і трывогі, падзеляць нацыю на варагуючыя групы. Гэта спосаб дэзарганізацыі і дэмаралізацыі праціўніка.

У адрозненне ад савецкіх часоў, Крэмль зараз не вядзе адзіных ідэалагічна акрэсленых кампаній. Прапагандысцкія атакі вядуцца адразу з усіх магчымых накірункаў.

«Украінцы распялі хлопчыка ў Славянску». Самы вядомы фэйк расейскай прапаганды. Крыніца stopfake.org

Гэтак у Нямеччыне Крэмль пашырае адначасова антыамерыканскую прапаганду савецкага тыпу, скіраваную на людзей левых перакананняў, і адначасова падтрымлівае антыімігранцыйныя настроі, якія распаўсюджаныя сярод правых. На расейскамоўную аўдыторыю пры гэтым разлічаная прапаганда пра тое, як у Еўразвязе ў цэлым і ў Нямеччыне ў прыватнасці ўсё дрэнна стала пры Ангеле Меркель, і з кожным днём робіцца ўсё горш.

Паведамленне пра «неанацысцкую змову», такім чынам цудоўным чынам, кладзецца ў гэтую каляіну, у сувязі з чым і было перададзенае ў перакручаным выглядзе.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў