«Вырашылі ахвяраваць змаганнем з інфляцыяй». Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да 8 %


Нацыянальны банк Беларусі паведаміў пра чарговыя зніжэнні ставак рэфінансавання і для крэдытаў ды дэпазітаў овэрнайт.

З 20 траўня стаўка рэфінансавання зніжаецца з 8,75 % да 8 % гадавых, стаўка па крэдыце овэрнайт – з 9,75 % да 9 % гадавых, стаўка па дэпазіце овэрнайт – з 7,75 % да 7 % гадавых.

Адпаведныя рашэнні прыняло праўлення Нацыянальнага банку па выніках пасяджэння адносна грашова-крэдытнай палітыкі 13 траўня.

Hавiны
ЕБРР прадказвае моцнае падзенне ВУП Беларусі
2020.05.13 10:23

Чарговае пасяджэнне запланаванае на 12 жніўня.

У апошні раз стаўка рэфінансавання зніжалася ў лютым – з 9 % да 8,75 % гадавых. Зніжэнне стымулюе інвестыцыйную актыўнасць ды зніжае выдаткі на выплаты па крэдытах.

«Было вырашана перадусім падтрымаць эканоміку»

У каментары belsat.eu старшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб адзначыў, што зараз ва ўмовах крызісу, выкліканага пандэміяй каронавіруса, «пераважная большасць цэнтрабанкаў у свеце падтрымліваюць эканоміку, якая падае, з дапамогай змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі».

«І асноўны інструмент у тых, у каго яшчэ ёсць такая магчымасць, – гэта зніжэнне працэнтных ставак. Іншая справа, што ў некаторых краін такой магчымасці няма, бо працэнтныя стаўкі знаходзяцца на гістарычных мінімумах», – заявіў эксперт.

Ён нагадаў, што звычайна стаўка рэфінансавання выкарыстоўваецца для рэгулявання інфляцыі: яна павышаецца разам з ростам інфляцыі, каб яе стрымаць, а пры падзенні інфляцыі стаўка зніжаецца. Але ў Беларусі ў красавіку інфляцыя вырасла: калі ў сакавіку яна скала 4,9 % да ўзроўню сакавіка 2019 года, то ў красавіку – 5,3 % да ўзроўню красавіка мінулага года.

Таму, адзначыў Вадзім Іосуб, у стандартнай сітуацыі стаўка рэфінансавання ў Беларусі мусіла б застацца нязменнай ці нават трошкі вырасці.

«Але ў сітуацыі з крызісам, са спадам эканомікі, відавочна, было вырашана перадусім падтрымаць эканоміку, якая падае, з дапамогай таго, каб патаннелі крэдыты. Дзеля гэтага тактычна вырашылі ахвяраваць пытаннем змагання з інфляцыяй з дапамогай ставак і пытаннем даходнасці рублёвых дэпазітаў», – мяркуе эканаміст.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў