ВОТ ТАК! Белсат запускае інфармацыйны партал па-расейску


 

1 траўня распачынае працу інфармацыйны партал ВОТ ТАК – новы праект нашага тэлебачання, арыентаваны на расейскую і расейскамоўную аўдыторыю. З гэтага часу «Інфармуем і тлумачым» – таму што так гучыць мота парталу – на гэтай мове яшчэ лепш. Менавіта гэтак!

«Вот так!»

– менавіта такую назву носіць штодзённы рускамоўная навінная праграма, якую гледачы «Белсату» глядзяць з сярэдзіны 2017 года. Як і ўвесь «Белсат», яна даступная праз спадарожнік Astra 4A, які ахоплівае еўрапейскую частку былога СССР, а таксама ў Інтэрнэце – на сайце тэлеканалу і на YouTube.

Самае папулярнае відэа – спецвыданне пра пажар у Кемерава ў Сібіры, які адбыўся ў канцы сакавіка 2018 года – паглядзела рэкордная колькасць карыстальнікаў YouTube – больш за восем мільёнаў. На канал «ВОТ ТАК» на гэтай платформе падпісаныя цяпер 215 тыс. чалавек.

Усё гэта тлумачыць, чаму незалежнае беларускае тэлебачанне, якім з’яўляецца «Белсат», цяпер адкрываецца яшчэ шырэй для аўдыторыі не толькі з Беларусі, але і Расеі і ўсёй тэрыторыі былога СССР.

– Працуючы над стварэннем «Белсату», з цягам часу мы сталі больш ясна бачыць, што ў Беларусі праблемай зʼяўляецца не толькі (і можа нават не ў першую чаргу) прапаганда Лукашэнкі, але і прапаганда Крамля, якая пранікае абсалютна ўсюды на постсавецкай інфармацыйнай прасторы і становіцца адным з найбольш небяспечных і падступных інструментаў палітычнага дамінавання і прыгнёту, – адзначае дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. – Мы прыйшлі да высновы, што наш унікальны інструмент, якім зʼяўляецца «Белсат» і наш унікальны досвед павінен выкарыстоўвацца таксама і ў гэтай галіне. Мы таксама адзначылі, што наша тэлебачанне, нягледзячы на моўныя адрозненні, праглядаецца і ва Украіне, і ў Расеі. Такім чынам, лагічным працягам гэтых дзеянняў сталася спачатку рускамоўная тэлепраграма «Вот так», прысвечаная падзеям на тэрыторыі краін б. СССР, а зараз запуск аднайменнага парталу.

Па-расейску і без цэнзуры

Ад пачатку траўня на сайце vot-tak.tv можна будзе глядзець відэаматэрыялы і чытаць аналітычныя тэксты і каментары пра сітуацыю на постсавецкай прасторы. Новы партал «Белсату» – гэта адказ на патрэбы расейскамоўных карыстальнікаў Інтэрнэту, якія не давяраюць дамінуючым у сваіх краінах СМІ, якія залежаць ад Крамля.

– На канал «ВОТ ТАК» часцей за ўсё заходзяць гледачы з Садружнасці Незалежных Дзяржаў – яго глядзяць расейцы, украінцы, кіргізы, казахі, чачэнцы, армяне… У нас таксама ёсць профілі ў сацыяльных сетках – толькі на Facebook наш відэакантэнт для рускамоўнай аўдыторыі ўжо мае мільёны праглядаў. Мы разлічваем на тое, што з запускам новага партала людзі будуць ужо не толькі глядзець нас, але і чытаць, – кажа Вольга Швед, упаўнаважаная па развіцці інтэрактыўны медыяў.

А паводле Аляксея Дзікавіцкага, намесніка дырэктара тэлеканалу «Белсат», стварэнне рускамоўнага інфармацыйнага парталу з’яўляецца, з аднаго боку, наступным этапам развіцця тэлеканалу, а з другога – натуральным следствам яе бягучай дзейнасці.

Паведамляем і тлумачым

– Цяпер фактычна няма такога адзінага незалежнага і транснацыянальнага парталу, дзе чытач мог бы ў адным месцы знайсці інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краінах былога СССР. Мы хочам такую магчымасць рускамоўнай аўдыторыі стварыць – з асаблівай увагай да інфармацыі з Расеі, Беларусі і Украіны, – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Ён падкрэслівае, што гэта рэальна, бо ў гэтых краінах «Белсат» ужо мае сетку карэспандэнтаў. Таксама прыцягваюцца аўтары, якія пішуць пра Казахстан ці краіны Балтыі:

– Мота парталу – «Паведамляем і тлумачым», таму мы будзем імкнуцца не абмяжоўвацца кароткімі нататкамі, а паказваць працэсы і апісваць больш шырокі кантэкст падзей, – дадае ён. – Мы таксама будзем публікаваць меркаванні вядомых расейскіх, беларускіх і ўкраінскіх публіцыстаў, якія супрацоўнічаюць з намі і, вядома ж, уласныя відэаматэрыялы.

Для міжнароднай аўдыторыі

Новы партал з’яўляецца буйным пачынаннем як з пункту гледжання велізарнага абшару, з якога будзе паступаць інфармацыя ад карэспандэнтаў, а таксама з пункту гледжання асаблівых патрабаванняў, якія стаяць перад камандаю журналістаў, што напаўняюць сайт.

– Праца ў такой міжнароднай камандзе – гэта не толькі надзвычай цікавы прафесійны досвед, але і сапраўдны выклік, – не хавае Лола Бурыева, рэдактарка сайта Vot-tak.tv.

На ейную думку, найважнейшай задачай зʼяўляецца захаванне раўнавагі і абʼектыўнасці ў тэмах, якія датычаць розных краінаў. Нягледзячы на тое, што каманда журналістаў шматнацыянальная, шэф-рэдактар ставіць перад імі няпростую ўмову. Тую самую, пра якую раней казаў Аляксей Дзікавіцкі – з падбору матэрыялаў на сайце не павінна быць відавочна, хто дзяжурыць: беларус, украінец ці расеец.

– Жыхары постсавецкай прасторы – гэта мноства людзей розных нацыянальнасцяў. Для нас гэта выклік: напісаць для грамадзянаў розных краінаў гэтак, каб ім было цікава чытаць навіны не толькі пра сябе, але і пра суседзяў, і ў цэлым свеце. Зацікавіць чытача і зрабіць гэтак, каб ён абраў менавіта наш сайт, – адзначае рэдактарка парталу.

Інфармаваць пра галоўныя падзеі рэгіёну і свету, а таксама тлумачыць іх значэнне аўтары парталу пачынаюць ужо сёння.

belsat.eu

Стужка навінаў