«Вельмі цікавыя паказанні». Арганізатару «забойства» Бабчанкі далі 4,5 гады турмы


Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак паведаміў журналістам, што прысуд уступіць у сілу праз месяц.

Суд у Кіеве прысудзіў Барыса Германа, якога абвінавачваюць у арганізацыі спробы забойства журналіста Аркадзя Бабчанку, да 4, 5 гадоў пазбаўлення волі.

«Інтэрфакс-Украіна» падае, што Герман пайшоў на здзелку са следствам і цалкам прызнаў віну.

«Супрацоўнічае са следствам, дае вельмі цікавыя паказанні, якія намі ў далейшым будуць правярацца і дакументаваць», – заявіў Васіль Грыцак.

Паведамленні пра смерць Аркадзя Бабчанкі з’явіліся ўвечары 29 траўня. На наступны дзень на брыфінгу кіраўніка СБУ стала вядома, што інфармацыя аб «забойстве» Бабчанкі была часткай спецаперацыі ўкраінскіх спецслужбаў, накіраванай на перадухіленне замаху на журналіста, а сам Бабчанка выйшаў да журналістаў.

У той жа дзень стала вядома пра затрыманне арганізатара «забойства» Барыса Германа, які прапанаваў свайму знаёмаму ўдзельніку АТО $ 30 тысячаў, і перадаў яму частку сумы за непасрэднае выкананне злачынства, на што той пагадзіўся.

Неўзабаве манах-валанцёр, актывіст «Правага сектара» Аляксей Цымбалюк, былы іерадыякан Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) і Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Арыстарх, паведаміў, што зʼяўляецца тым чалавекам, якому замовілі забойства журналіста, пасля чаго ён звярнуўся з інфармацыяй у СБУ.

ДД

Стужка навінаў