Украіна не прызнае расейскіх пашпартоў для жыхароў Данбасу


Украіна не будзе прызнаваць расейскіх пашпартоў, якія Масква выдасць жыхарам Луганскай і Данецкай вобласцяў. Пра гэта 8 траўня падчас пасяджэння ўраду заявіў прэм’ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман.

«Мы прымаем рашэнне, каб вызначыць усе пашпарты, якія будуць выдадзены грамадзянам Украіны на нашай тэрыторыі – парушэннем нормаў права. Гэтыя пашпарты будуць прызнаныя незаконнымі – пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы і выкарыстанні на тэрыторыі дзяржавы», – сказаў прэм’ер, паведамілі ў Кабінеце міністраў.

Hавiны
Зяленскі параіў Пуціну «не спакушаць грамадзянаў Украіны» расейскімі пашпартамі
2019.04.28 09:51

Таксама Кіеў будзе заклікаць міжнародную супольнасць не прызнаваць гэтыя дакументы пры перасячэнні межаў іншых краін.

Паводле Гройсмана, такі крок аформлены рашэннем ураду з мэтай прыцягнуць міжнародную ўвагу да «чарговага грэбавання нормамі міжнароднага права з боку Расейскай Федэрацыі, якая вядзе гібрыдную вайну супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету».

Нагадаем, 24 красавіка Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным парадку атрымання расейскага грамадзянства для жыхароў акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў. Міністэрства замежных спраў Украіны назвала гэты дакумент «юрыдычна нікчэмным» і заявіла, што гэтае рашэнне мае на мэце дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Hавiны
Кіеў паабяцаў пакараць Маскву за «пашпартны бандытызм»
2019.05.07 16:26

На адмысловым паседжанні Рада Бяспекі ААН прыйшла да высновы, што «пашпартны ўказ Пуціна» падрывае суверэнітэт Украіны.

А кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін заклікаў ЕЗ і краіны G7 увесці новыя санкцыі супраць Расеі ў адказ на выдачу расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў