У свеце пачынаецца другая хваля COVID-19. Беларусь яшчэ не выйшла з першай?


Каронавірус не жадае адступаць. Ва ўсім свеце зноў рэгіструецца рост выпадкаў заражэння. Пасля выхаду з каранціну некаторыя краіны вяртаюць абмежаванні, заяўляючы пра пачатк другой хвалі пандэміі. Што рабіць з другой хваляй? Як гэта паўплывае на сусветную эканоміку? І ці закране другая хваля каронавіруса Беларусь? Пра гэта belsat.eu распытаў экспертаў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пандэмія вяртаецца з поўдня

Краіны, якія цалкам закрыліся і ўвялі каранцін, каб абараніцца ад каронавірусу, паступова выходзяць з рэжыму локдаўну. Здымаюцца абмежаванні, людзям можна выходзіць на вуліцы, у кавярні, адкрываюцца межы, аднаўляюць працу авіякампаніі.

Адначасова з гэтым Сусветная арганізацыя здароўя абвяшчае пра новыя рэкорды выпадкаў заражэння і папярэджвае, што другая хваля, якую чакалі ў верасні, можа распачацца ўжо цяпер.

Кіраўніца Еўрапейскага цэнтру па кантролю і прафілактыцы захворванняў Андрэа Аммон перакананая: другая хваля непазбежная, бо імунітэт з пачатку пандэміі з’явіўся ўсяго ў 2-14 % насельніцтва, а астатнія 85-90 % дагэтуль неабароненыя.

Найбольш сур’ёзная сітуацыя ў краінах паўднёвага паўшар’я, але новыя хвалі захворванняў фіксуюцца і ў еўрапейскіх краінах. У Новай Зеландыі, якая ў пачатку чэрвеня заяўляла пра перамогу над COVID-19, зноў былі зафіксаваныя завозныя выпадкі інфекцыі.

Паводле САЗ, адна з самых цяжкіх у свеце сітуацыяў у Бразілі. Там колькасць выпадкаў дасягнула ўжо 1 млн 150 тыс. Прэзідэнт краіны Жаір Баўсанару ад самага пачатку адмаўляў каронавірус і пандэмію. Цяпер жа суд абавязаў яго апранаць маску падчас публічных мерапрыемстваў.

Зноў няпростая сітуацыя ў Іране. Эксперты звязваюць гэта з тым, што аслабленне каранціну ў краіне пачалося вельмі рана. Так, ужо 20 красавіка вярнуліся да працы гандлёвыя цэнтры і базары, 12 траўня адчыніліся мячэці, а 26 траўня – рэстараны, кавярні і музеі. У той жа час улады краіны кажуць, што прычына росту лічбы хворых – у большай колькасці зробленых тэстаў. Цяпер тэст у Іране робіцца кожнаму 79-му чалавеку, а раней рабілі кожнаму 380-му.

Хутка расце колькасць хворых у Індыі. У мінулую нядзелю за содні ў краіне было выяўлена больш за 15 тысяч новых выпадкаў. Рост распачаўся два тыдні таму, калі ўлады аслабілі каранцінны рэжым. Эксперты прагназуюць, што пік эпідэміі тут прыйдзецца на сезон дажджоў – з ліпеня па верасень.

Індыя з амаль 500 тысячамі хворых сёння знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце – пасля ЗША, Бразіліі і Расеі. У панядзелак, 22 чэрвеня, улады Паўднёвай Карэі заявілі пра другую хвалю COVID-19 у Сеуле.

Адсутнасць працы горшая за вірус?

У Еўропе шэраг абмежаванняў зноў уводзіць Партугалія пасля новай успышкі ў Лісабоне. З гэтага тыдня ў сталіцы зноў нельга збірацца групамі больш за дзесяць чалавек, скарачаюцца гадзіны працы крамаў у найбольш пацярпелых раёнах. Лакальныя ўспышкі фіксуюцца ў розных кропках Германіі.

У Малдове 15 траўня адмянілі рэжым надзвычайнай сітуацыі, і пасля гэтага лічбы хворых і памерлых зноў пайшлі ўверх. Пры гэтым вяртанне каранціну выглядае малаверагодным, бо, паводле прэмʼер-міністра краіны Іона Кіку, няма магчымасцяў падтрымліваць насельніцтва і бізнес у рэжыме лакдаўну. Пра гэта чыноўнік напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Без паступовага аднаўлення гаспадарчай дзейнасці краіну чакаў бы фінансавы калапс. А пазбаўленне людзей заробкаў і пенсій мела б нашмат горшы эфект, у тым ліку для здароўя грамадзянаў. Мы больш не можам забараняць эканамічную дзейнасць, мы не можам пакінуць людзей без крыніцы існавання. Таму да 30 чэрвеня ўсе віды эканамічнай дзейнасці будуць адноўленыя».

4 чэрвеня ўлады Паўночнай Македоніі вярнулі каменданцкі час у некаторых гарадах краіны.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А што ў Беларусі?

У Беларусі колькасць дзённых выпадкаў упала з 900 да 450, згодна з афіцыйнай статыстыкай, а ўлады спадзяюцца, што другой хвалі не будзе. Адначасова міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заяўляе, што да магчымай другой хвалі Беларусь гатовая лепш, чым да першай – маўляў, за гэты час падмацавалі матэрыяльную базу, ужо ёсць досвед. Каранцін жа не прадбачыцца і пры другой хвалі, паводле міністра.

Артур Мацуткевіч, беларускі лекар-анэстэзіёлаг, які працуе ў Польшчы, кажа, што цяпер цяжка адназначна сцвярджаць, што рост захворванняў у свеце – гэта ўжо другая хваля. Цалкам можа быць, што гэта часовы падʼём плато.

«Краіны здымаюць каранцін, людзі выязджаюць на адпачынак, таму зноў пачаліся лакальныя ўспышкі. Ацэньваць трэба праз тыдзень-два, ці спыніцца гэты рост, ці ўсё ж пойдзе далей. Верагодней чакаць другую хвалю бліжэй да восені», – кажа лекар.

Спадар Артур заўважае: магчыма, будуць і трэцяя, і чацвёртая хвалі. Гэта будзе залежыць ад хуткасці мутацый віруса і таго, ці атрымаецца вынайсці вакцыну і лекі.

У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, першая хваля як раз сканчаецца, бо колькасць хворых стабільна падае, лічыць Артур Мацуткевіч. Адначасова лекар падкрэслівае, што гэтай статыстыцы цяжка давяраць, бо ў ёй няма логікі.

«Цяпер ідзе прыгожы спад пасля такога ж прыгожага плата. Але ўсё гэта адбываецца на фоне поўнай адсутнасці нейкіх мер для стрымання віруса. Таму нельга з поўнай упэўненасцю сказаць, што Беларусь выходзіць з першай хвалі», – кажа эксперт.

Паводле спадара Артура, адсутнасць каранціну ў Беларусі можа прывесці да таго, што большасць людзей перахварэюць, і гэта ўрэшце спрычыніцца да таго, што другой хвалі ў нас не будзе.

«Але якім коштам? – пытаецца эксперт. – Людзі паміраюць, і нашмат больш, чым па пяць чалавек на дзень. Ці апраўданы калектыўны імунітэт такім коштам?»

Тэст на каронавірус з аналізу крыві. Ілюстратыўны здымак Pixabay.com

Аліна Волчанка, кандыдат медычных навук, лекар-эпідэміёлаг з Менску, лічыць, што другая хваля цалкам можа распачацца ўжо цяпер, калі ідуць паслабленні каранціну, адкрываюцца межы, людзі зноў пачынаюць перасоўвацца па свеце. Тым больш, што незразумела – выпрацоўваецца імунітэт у тых, хто перахварэў, ці не.

«Тое, што ў Беларусі адбываецца, цяжка аналізаваць. Цяпер лета, канікулы-адпачынкі, ужо крыху «гараць» вобласці, рэгіструюцца ўспышкі. Але гэта цяжка каментаваць, бо Міністэрства аховы здароўя лічбы па рэгіёнах нідзе не публікуе», – кажа спадарыня Аліна пра сітуацыю ў Беларусі.

Другая хваля для эканомікі будзе лягчэй?

Уплыў вяртання пандэміі на эканоміку будзе залежыць ад вышыні новай хвалі, лічаць эксперты. Старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб дапускае, што развітыя краіны, «дзе цэняць чалавечае жыццё», у першую чаргу будуць імкнуцца не перагрузіць медычную сістэму, таму ў выпадку сурʼёзнай сітуацыі зноў увядуць каранцін. Гэта будзе ўдар па эканоміцы, але краіны з гібкай эканомікай, як Заходняя Еўропа, ЗША змогуць гэта пераадолець.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі лічыць, што ў другі раз большасць краін проста не змогуць «загнаць людзей на каранцін».

«Гэта будзе складана нават там, дзе людзі давяраюць ураду, – кажа эксперт. – Мы бачым, як у шэрагу краін людзі пратэстуюць супраць каранціну. Таму, хутчэй за ўсё, у выпадку другой хвалі, сур’ёзны лакдаўн будзе немагчымы, адпаведна, уплыў на эканоміку будзе меншы».

Што датычыць Беларусі, Вадзім Іосуб кажа, што каронакрызіс чарговы раз паказаў нашыя «хранічныя балячкі» – неэфектыўныя прадпрыемствы, такую ж фінансавую палітыку, працу на склады.

«Так, у нас эканоміка за 4 месяцы знізілася на 1,8 %, у той час як у іншых краінах падзенне больш інтэнсіўнае, – каша эксперт. – Але такі сціплы спад эканомікі пры даволі сур’ёзным падзенні вонкавага гандлю (у нас ён зменшыўся на 20 %) кажа пра тое, што шмат з таго, што вырабляецца, ідзе на склад. Фармальна гэта зрабіла ўнёсак у ВУП, але ў выніку, калі гэтая прадукцыя не будзе прададзеная, ніякай карысці ад лідарства па ВУП нам не будзе, хутчэй – наадварот».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў