Позна ўвечары 26 студзеня міліцыя Стоўбцаў атрымала некалькі паведамленняў аб агрэсіўным ваўку ў горадзе. Спачатку воўк напаў на мужчыну і жанчыну каля чыгуначнай станцыі, пасля недалёка – яшчэ на дваіх людзей.
Усе чацвёра звярнуліся па дапамогу ў раённую больніцу. Медыкі зафіксавалі ў пацярпелых шматлікія ўкушаныя раны.
Міліцыя скіравала на пошук жывёліны нарады, якія неслі службу ў горадзе.
Падчас пошукаў у міліцыю звярнуўся яшчэ адзін жыхар, які паведаміў, што воўк кідаецца на ягоны аўтамабіль. Міліцыянты выехалі па выкліку і знайшлі ваўка непадалёк.
Каб абясшкодзіць звера, міліцыянты пачалі страляць па ім з табельнага Калашнікава, але толькі ранілі ваўка ў лапу. У выніку жывёліна ўцякла на ўскраіну гораду, а потым схавалася ў лесе. Міліцыянты выклікалі на дапамогу паляўнічых. Тыя забілі звера.
ДД, belsat.eu паводле прэс-службы УУС Аблвыканкаму; фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum