Паўночная Карэя можа аб’явіць аб завяршэнні ядравай праграмы цягам года, заявілі ў Міністэрстве абʼяднання Паўднёвай Карэі.
«Эксперты думаюць, што ў Паўночнай Карэі гэта зойме ад двух да трох месяцаў, але яны развіваюць свае ядравыя магчымасці хутчэй, чым меркавалася, і мы не можам выключаць магчымасць таго, што Пхеньян можа абʼявіць аб завяршэнні сваёй ядравай праграмы на працягу года», – заявіў кіраўнік ведамства.
КНДР у апошнія месяцы правяла выпрабаванні вадароднай бомбы і неаднаразова праводзіла запускі балістычных ракет. Таксама Пхеньян пагражаў нанесці ракетны ўдар па тэрыторыі побач з амерыканскім востравам Гуам для дэманстрацыі магчымасцяў сваіх ракет.
Доналд Трамп, упершыню выступаючы на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН, прыгразіў «знішчыць» Паўночную Карэю, калі яна будзе пагражаць ЗША і саюзнікам. Кім тады адказаў, што Паўночная Карэя разгледзіць «максімальна жорсткія контрмеры за ўсю гісторыю» супраць ЗША.
ДР belsat.eu