У Маскве затрымалі журналіста «Медузы». Ён кажа, што яму падкінулі наркотыкі


У Маскве затрымалі журналіста-расследавальніка «Медузы» Івана Галунова. У яго пры сабе і дому нібыта знайшлі наркотыкі: праваахоўнікі заявілі пра «замах на збыт». Галуноў паспеў паведаміць праз сяброў, што яму падкінулі два пакеты з невядомым рэчывам, піша «Медуза».

Адвакат Галунова ў размове з «Бі-бі-сі» паведаміў, што журналіста затрымалі 6 чэрвеня а 14:30 недалёка ад метро «Каляровы бульвар» у Маскве, калі ён ішоў на сустрэчу з крыніцай. Карэспандэнта спынілі некалькі аператыўнікаў. Пры даглядзе яны знайшлі ў яго заплечніку скрутак з наркотыкамі, яшчэ адзін скрутак пазней выявілі пры ператрусы ў кватэры. Галуноў не прызнае віну і кажа, што гэта была правакацыя.

«Мы перакананыя, што Іван Галуноў невінаваты. Больш за тое, у нас ёсць падставы меркаваць, што Галунова пераследуюць з-за яго журналісцкай дзейнасці. Мы ведаем, што ў апошнія месяцы Ваню паступалі пагрозы; ведаем, у сувязі з якім тэкстам; здагадваемся, ад каго. «Медуза» будзе вывучаць кожнае дзеянне следчых па справе Галунова. Мы высветлім, па чыёй волі пераследуюць Ваню – і зробім гэтую інфармацыю публічнай. Мы будзем абараняць свайго журналіста ўсімі даступнымі спосабамі», – адзначаецца ў заяве генеральнага дырэктара «Медузы» Галіны Цімчанка і галоўнага рэдактара Івана Калпакова.

Галуноў падазраецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 228.1 Крымінальнага кодэксу Расеі (незаконныя вытворчасць, збыт або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў).

Hавiны
Журналістаў выдання «Коммерсант» вывелі з рэдакцыі пад аховаю
2019.05.21 15:22

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў