У чаканні рэлігійнай рэвалюцыі: Сабор адрэжа Украінскую праваслаўную царкву ад Масквы


Ужо заўтра ў Кіеве адбудзецца самае важнае за апошнія чатырыста гадоў рэлігійная, а таксама палітычная падзея. Растуць асцярогі, што Расея агрэсіўна адрэагуе на незалежнасць Кіеўскай царквы.

Аб’яднаўчы Сабор пройдзе ў Сафійскім саборы ў Кіеве. Храм зможа змясціць максімум 200 дэлегатаў. Сярод іх будуць прадстаўнікі Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Запрашэнні атрымалі таксама і святары Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), хоць маскоўскі Патрыярх Кірыл дыстанцуецца ад Сабору і забараняе сваім япіскапам у ім удзельнічаць. Аднак вядома, што некаторыя з іх з’явяцца на з’ездзе.

Сабор праходзіць пад патранатам Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея I. Калі ўсё пойдзе добра, і духавенства дасягне пагаднення, сабор заўтра ці ў нядзелю абярэ новага кіраўніка аб’яднанай ўкраінскай царквы. Пазней, 6 студзеня, яна атрымае з рук Варфаламея I так званы Томас. Гэта значыць атрымае аўтакефалію, фармальную незалежнасць украінскай аб’яднанай царквы.

З гэтага часу яна будзе незалежная ад Масквы і роўная ёй. Гэта вялікі поспех ўкраінскіх уладаў. Прэзідэнт Пятро Парашэнка асабіста ўдзельнічаў у барацьбе за аўтакефалію. Заўтра ён возьме ўдзел у Саборы і выступіць з прамовай на Сафійскай плошчы.

Сабор падвышанай рызыкі

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей падчас сустрэчы ў Стамбуле 31 жніўня 2018 году. Фота – прэс-служба РПЦ

У апошнія дні ў Кіеве панавала нервовая атмасфера. Ходзяць чуткі, што адразу пасля Сабору адбудзецца нейкая правакацыя. Напрыклад, правакатары з шэрагаў нацыяналістаў нападуць на Пячэрскую Лаўру (галоўную святыню Маскоўскага патрыярхату ў Кіеве) або іншы маскоўскі храм ва Украіне. Пасля гэтага Расея палічыць гэта атакай на сваіх і пачне ўзброеную інтэрвенцыю.

Па іншых чутках, «маскоўскія» святары ня паддадуцца і забарыкадуюцца ў сваіх цэрквах (хоць яны фармальна належаць Украіне), каб не аддаць іх у рукі новай, аб’яднанай Царквы. На самай справе, найбольш важныя аб’екты пад кантролем Масквы добра ахоўваюцца. Пад іх сценамі стаіць ўзброеная паліцыя і браняваныя аўтамабілі. Невядома, ці не адбудзецца правакацыя ў будучыні.

– Для Парашэнкі Сабор вельмі важны з пункту гледжання выбарчай кампаніі, прэзідэнт спадзяецца, што выбары пройдуць гладка, хутка і без правакацый і эскалацыі напружанасці на ўсходзе краіны, – кажа «Белсату» Уладзімір Фясенка, кіеўскі палітолаг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» .

Ўскладненні, аднак, могуць з’явіцца. Па-першае, паміж царкоўнымі дэлегатамі шмат канфліктаў. Кіеўскі Сабор праводзіцца пад патранатам Канстанцінопаля, які, напрыклад, патрабуе тайнага галасавання, якое было б больш дэмакратычным. Цяперашні ж Патрыярх УПЦ КП Філарэт палічыў за лепшае б адкрытае галасаванне. Трэнняў на лініі Канстантынопаль-Кіеў мноства.

– Справа ў тым, што пасля 11 кастрычніка, калі Канстанцінопаль вырашыў надзяліць Украіну Томасам, але фармальна яшчэ не даў яго, пазіцыя Украінскай царквы была зніжана і адкінутая да часу да 1686 году. Гэта значыць сёння, фармальна, УЦ – толькі падпарадкаванае патрыярху Канстанцінопаля япіскапства, – кажа «Белсату» Юры Чарнаморац, рэлігіязнаўца. – Толькі 6 студзеня, калі Томас будзе ўручаны, Украінская праваслаўная царква зноў стане самастойным суб’ектам і здабудзе незалежнасць.

Ці пагадзілася ўкраінская праваслаўная царква з часовым паніжэннем, будзе зразумела па галаўным ўборы Патрыярха Кіеўскага Філарэта. Калі ён выступіць у куколе, які – знак і сімвал патрыяршай ўлады, гэта будзе азначаць, што ён аднак хоча нешта прадэманстраваць Канстанцінопалю. Калі мітрапаліт прыйдзе ў звычайным галаўным уборы, такім чынам ён пакажа сваю згоду.

Яшчэ пазаўчора сярод патэнцыйных кандыдатаў у пераемнікі Філарэта называліся некалькі імёнаў, сярод іх Мітрапаліта Вінніцкага Сымона з Маскоўскага патрыярхату, блізкага знаёмага прэзідэнта. Але ўчора Сабор УПЦ КП падтрымаў кандыдатуру Епіфанія, Мітрапаліта Пераяслаўскага і Белацаркоўскага.

– Гэта кампрамісны кандыдат, Епіфаній блізкі да цяперашняга Патрыярха Філарэта, але яго таксама прымуць Канстантынопаль і Парашэнка, – кажа Чарнаморац і дадае: Самае галоўнае, што ён – малады святар, яму 39 гадоў, і ён не заражаны часамі камунізму, але вельмі падтрымлівае ўкраінскі патрыятызм.

І гэта як раз тое, што не спадабаецца ў Расеі. Маскоўскі патрыярхат не прызнае кіеўскі Сабор і Томас. Ён заклікае да байкоту Сабору, які разглядае ня як аб’яднанне ўкраінскіх цэркваў, а як захоп прыналежных да маскоўскага патрыярхату цэркваў кіеўскіх.

Рэлігійная вайна?

Патрыярх Кіеўскі Філарэт падчас Еўрамайдану ў Кіеве

Маскоўская іерархія, шакаваная украінскім Томасам, зайшла вельмі далёка. Нават разарвала шматвяковыя сувязі з Канстанцінопалем.

– Для Расеі Томас – гэта траўма – яна губляе важны ўплыў ва Украіне, губляе сваіх падданых, з часам і вялікія фінансавыя даходы, калі значная частка царквы Маскоўскага патрыярхату пяройдзе ў аб’яднаную Царкву, – кажа Фясенка і падкрэслівае: Праўда ў тым, што Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату ва Украіне доўга была палітычна на баку прарасейскіх партый.

У 1990-х гадах Кіеў скалыналі вулічныя дэманстрацыі і сутычкі вернікаў Кіеўскага і Маскоўскага патрыярхатаў. Потым улада выпрацавала кампраміс, і супрацьстаянне зменшылася. Пасля Аранжавай рэвалюцыі Віктар Юшчанка спрабаваў выбіць для Украінскай праваслаўнай царквы незалежнасць, але пацярпеў няўдачу. У сваю чаргу, у часы Віктара Януковіча Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату карысталася поўнай падтрымкай уладаў і сама падтрымлівала іх.

– Усё змянілася падчас рэвалюцыі і вайны на ўсходзе Украіны, – адзначае Фясенка.

Падчас расейскай інтэрвенцыі ў Крыме і ў Данбасе духавенства Маскоўскага патрыярхату рашуча выступіла на баку Расеі. Былі выпадкі асвячэння сепаратысцкіх частак і нават ўдзелу маскоўскіх манахаў у баях. З іншага боку, Кіеўскі патрыярхат стаў на бок рэвалюцыі і новай украінскай улады. Яшчэ ў першыя дні пратэсту на Майдане ў Кіеве збітыя міліцыяй студэнты хаваліся ў прыналежным Кіеўскаму патрыярхату Сафійскім саборы.

– Няма такога выразнага падзелу на два супрацьлеглых патрыярхаты, паколькі Маскоўскі, вядома, падтрымлівае партыі прарасейскіх палітыкаў ва Украіне, але, з іншага боку, многія палітыкі патрыятычнага лагеру хадзілі і ходзяць у цэрквы Маскоўскага патрыярхату, – кажа Фясенка.

Пятро Парашэнка яшчэ ў якасці дыякана Маскоўскага патрыярхату.
Фота: censor.net

Сам Пятро Парашэнка быў у свой час дыяканам у маскоўскай царкве. У яго вельмі добрыя адносіны з Мітрапалітам Вінніцкім Сымонам з Маскоўскага патрыярхату. Таму найбольшым поспехам Сабору будзе рэальнае аб’яднанне ўкраінскіх цэркваў і страта Масквой ўплыву на ўкраінскіх вернікаў. Але да таго, як гэта адбудзецца, пройдзе шмат часу ў спрэчках і пратэстах вернікаў, падбухторваных Масквой. І апошнія ўжо пачаліся. Сёння група вернікаў Маскоўскага патрыярхату пратэставала перад украінскім парламентам супраць ўмяшання ў справы іх царквы. А царкоўныя іерархі МП заявілі, што вернікі маюць права абараняць сваю царкву.

Яны адчуваюць сябе моцнымі, таму што ведаюць, што іх падтрымлівае Уладзімір Пуцін. Расейскі прэзідэнт не раз выступаў у ролі абаронцы праваслаўнай веры. Таксама і на гэты раз ён не згубіць магчымасці пад прыкрыццём абароны духавенства і вернікаў Маскоўскага патрыярхату нашкодзіць Украіне.

Міхал Кацэвіч/ЛБ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў