У братоў парафіі ў Докшыцах каронавірус не выявілі


Цяпер браты ляжаць у мясцовым шпіталі з пнеўманіяй.

Першыя тэсты на каронавірус, якія зрабілі братам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах, адмоўныя. Пра гэта Belsat.eu распавёў кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў Алег Шэнда:

«Тэст на каронавірус не пацверджаны. Быў адзін тэст – не пацвердзіўся. Афіцыйны дыягназ – пнеўманія. Там два браты парафіі. Адзін 1975 года нараджэння, другі – 1982 года. Маладзейшы ў цалкам добрым стане. Другі яшчэ мае тэмпературу каля 37°C, ён меў двухбаковую пнеўманію».

Нагадаем, інфармацыя пра тое, што нібыта ў двух братоў парафіі ў Докшыцах выявілі каронавірус, з’явілася ўчора. Нібыта хтосьці з касцёлу ездзіў у Ватыкан. Гэта апынулася няпраўдай.

«Дакладна ніхто з братоў у апошнія тыдні ўвогуле за мяжу не ездзіў. Ватыкан – гэта справа некалькіх гадоў, калі хтосьці туды ездзіў. Ёсць такая версія, што крыніца перадачы каронавірусу – касцёл. Наколькі я ведаю, у Докшыцах каля сотні хворых на пнеўманію. З іх да 20 % могуць быць католікамі. Гэтым вірусам маглі захварэць у любым месцы. Мы не можам выключыць, што і ў касцёле такое магло стацца, але я б баяўся злавіць гэта і да касцёлу», – кажа айцец Алег Шэнда.

Hавiны
У Докшыцах выявілі каронавірус
2020.04.08 15:03

Інфармацыю пацвердзіла і сястра Маргарыта з парафіі ў Докшыцах:

«Вынік аналізаў быў адмоўны. Яны ляжаць з-за запалення лёгкіх. Лекар кажа, што ўвесну бывае такое. Ніхто не казаў, што ў іх каронавірус. Цяпер вельмі шмат плётак. Казалі, што хтосьці выязджаў у Італію. За мяжу не выязджалі ўжо даўно. Мне падаецца, што ўсё пайшло з Віцебску. Трэба было раней сур’ёзна да гэтага паставіцца, усё пазачыняць».

Пракаментавала інфармацыю і галоўная лекарка Докшыцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Падбярозка:

«Крыніца каронавірусу ў Докшыцах невядомая. Людзей значна хварэе, і хто адкуль заразіўся – тут ужо не даведаешся».

Між іншым, айцец Алег Шэнда паведаміў, як парафія ў Докшыцах будзе адзначаць святы:

«Святы будуць больш сціплымі. Заахвочвалі людзей не рызыкаваць, як найменш выходзіць з дому не толькі ў касцёл, але і ўвогуле. Заахвочвалі карыстацца трансляцыямі на тэлебачанні. У касцёле ўжываюцца сур’ёзныя меры. Безумоўна, няма магчымасці пацалаваць крыж ці ікону. У Вербную нядзелю было каля 30-40 чалавек, то бок мінімальная колькасць. Але мы ўсё ж такі за тое, каб людзі заставаліся дома і святкавалі з сям’ёй».

Hавiны
«Людзі занепакоеныя». Што адбываецца ў Докшыцах, дзе здарыўся рэзкі ўсплёск пнеўманіі?
2020.04.07 13:42

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў