Беларускія памежнікі заяўляюць, што аўта спрабавала ўехаць у Беларусь уночы 20 сакавіка. Украінскія памежнікі сцвярджаюць, што такі аўтамабіль ад іх не выязджаў.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў сувязі са спробай прарыву праз дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Украіны аўта са зброяй і боепрыпасамі.
«Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу па ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў па папярэдняй змове групай асобаў) Крымінальнага кодэкса», – падае СК.
Раней беларускія памежнікі паведамлялі, што ў панядзелак, 20 сакавіка, а 1:45 у Беларусь з Украіны праз дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску «Аляксандраўка» спрабавала прарвацца аўта маркі «Джып».
Паводле памежнікаў, аўтамабіль пратараніў шлагбаум і праехаў праз адмысловую перашкоду, якая спыняе аўта.
Нягледзячы на атрыманыя пашкоджанні, пазадарожнік паспрабаваў прарвацца на тэрыторыю Беларусі. Беларускія памежнікі адкрылі па машыне агонь з табельнай зброі. Затрымаць машыну ўдалося каля вёскі Габрылееўка Нараўлянскага раёну. У аўце было двое асобаў, памежнікі мяркуюць, што мог быць яшчэ адзін, і шукаць яго.
Паводле Следчага камітэту, у аўтамабілі знайшлі пісталет маркі ТТ і два магазіны з патронамі да яго, а таксама прадметы, якія «вонкава нагадваюць тратылавыя шашкі, электрадэтанатары, гранаты РГД-42, пластыд і самаробнае выбуховае прыстасаванне».
Цяпер адмыслоўцы праводзяць выбуховатэхнічныя і балістычныя экспертызы ўсіх канфіскаваных боепрыпасаў.
Памежная служба Украіны сцвярджае, што адразу распачала праверку гэтага факту, і ўсталявала, што аўтамабіль мяжу Украіны ні на ўезд, ні на выезд не перасякаў.
У той жа час украінцы выставілі на мяжы з Беларуссю дадатковыя памежныя атрады і ўзмацнілі супрацу з беларускімі памежнікамі.
Памежны камітэт паведамляў таксама, што 20 сакавіка жыхар Берасця спрабаваў правезці ў Беларусь патроны да пісталетаў Макарава і Сцечкіна.
ДД