У Менску па ордары Інтэрполу затрымалі грамадзянку Расейскай Федэрацыі Ганну Багачову. Затрымалі – а потым выпусцілі.
Спадарыня Багачова з’яўляецца супрацоўніцай пецярбургскай «фабрыкі троляў», якая належыць «крамлёўскаму кухару» Яўгену Прыгожыну. Гэта значыць, супрацоўніцай інтэрнэт-рэсурсу, які належыць пецярбургскаму бізнесоўцу, якога Злучаныя Штаты Амерыкі падазраюць у спробе паўплываць на зыход прэзідэнцкіх выбараў у ЗША з мэтай недапушчэння абрання прэзідэнтам Гілары Клінтан.
З гэтай мэтай, на думку амерыканскага боку, група грамадзянаў Расеі займалася «тролінгам» – гэта значыць, распаўсюджваннем праз інтэрнэт негатыўнай і часцяком не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі. Вось, супраць трынаццаці «троляў», адной з якіх нібыта і зʼяўляецца Ганна Багачова, былі ўведзеныя санкцыі і выдадзены ордар праз Інтэрпол.
Спадарыню Багачову затрымалі – і адпусцілі. Прамежак паміж з’яўленнем першай і другой навіны не перавышаў адной гадзіны. Або перавышаў – але нязначна.
За гэты час некаторыя дэпутаты Дзяржаўнай думы паспелі абвінаваціць яшчэ ўчора, здавалася б, сяброўскую беларускую дзяржаву ў здрадзе. Гэта пры тым, што ўсе правы спадарыні Багачовай былі выкананыя, консульскія службы пасольства Расейскай Федэрацыі ў Менску займаліся яе вызваленнем – ну, і гэтак далей.
Зразумела, у памяці старонняга назіральніка ўсплывае гісторыя з захопленым на тэрыторыі Беларусі маладым грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам. Правы гэтага джэнтльмена, як мы даведаемся з яго інтэрв’ю пасля вызвалення, не былі захаваныя, і гэтага ніхто не можа адмаўляць. І гэта – зусім не адзінае адрозненне.
Спадарыню Багачову, аб вінаватасці якой не нам у дадзеным выпадку разважаць, затрымлівалі па ордары міжнароднай паліцэйскай арганізацыі, членам якой Беларусь з’яўляецца. Пералік усіх асобаў, супраць якіх вылучаныя тыя ці іншыя абвінавачванні, знаходзіцца ў адкрытым доступе, незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра серыйнага забойцу ці пра «тральчыху» з «інтэрнэт-кухні» «крамлёўскага кухара». Спадара Грыба ніхто ў міжнародны вышук не абвяшчаў; яго захапілі на тэрыторыі трэцяй дзяржавы, дзе ён не рабіў ніякіх злачынстваў, а стала быць, па ўсіх законах Беларусі, яго варта разглядаць менавіта як ахвяру выкрадання. Выкралі – і вывезлі ў Расею.
Спадары расейскія дэпутаты, што менавіта вас абурае ў гісторыі з Багачовай? Выкананне Беларуссю міжнародных дамоўленасцяў? Але Расея ж ведае, што Беларусь зʼяўляецца членам Інтэрполу і выконвае ўсе прынятыя на сябе ў гэтай сувязі абавязацельствы. Пры гэтым, паўтаруся, наколькі можна зразумець, усё, каб забяспечыць правы і абараніць інтарэсы Багачовай, было зроблена. Я б на вашым месцы абурыўся як раз гісторыі з Паўлам Грыбам. У ёй не толькі беларускія ўлады, але і расейскія спецслужбы выглядаюць, мякка кажучы, агідна: выманьваць дваццацігадовага хлопца, маскіруючыся ў інтэрнэце дзяўчынай, на тэрыторыю сумежнай дзяржавы, а там, без усялякіх ордараў, адвакатаў і консулаў… Фі, адным словам…
Дарэчы, ёсць жа і яшчэ адзін прэцэдэнт. У лістападзе 2010 года, калі мне памяць не змяняе, у Маскве быў без прад’яўлення якіх-небудзь дакументаў захоплены грамадзянін Беларусі Ігар Аліневіч, каля сутак пратрыманы ў «варанцы» і пасля гэтага дастаўлены ў Менск. Далейшую гісторыю аўтара кнігі «Еду ў Магадан» чытачы нашага сайта ведаюць.
Так у чым жа справа? Да прыгожынскай «тральчыхі» паставіліся так, як калі б супрацоўнікі спецслужбаў і самі былі мумi-тролямі. Ветліва паставіліся, папярэджальна.
Вось ва ўсіх бы выпадках так.
А выдадуць яе ці не выдадуць спецпракурорам ЗША, вінаватая яна ці не вінаватая – у дадзеным тэксце, паўтаруся, мы не разглядаем. Пачакаем.
Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.