The Economist прызнаў Узбекістан краінай года


Узбекістан стаў краінай года па версіі брытанскага часопісу The Economist. На думку рэдакцыі, у 2019 годзе становішча спраў у гэтай краіне стала «прыкметна менш дэспатычным». Пазітыўныя змены пачаліся яшчэ ў 2018 годзе, калі прэзідэнт Шаўкат Мірзіеў ініцыяваў рэформы, «якія паскорыліся за апошні год», паведамляе РБК.

«Тры гады таму Узбекістан быў старамоднай постсавецкай дыктатурай, закрытым грамадствам з выключнай жорсткасцю і некампетэнтнасцю», – гаворыцца ў матэрыяле.

Аўтары адзначаюць, што рэжым ранейшага прэзідэнта, Іслама Карымава, прымушаў мужчын, жанчын і дзяцей працаваць на плантацыях, праз што краіна была напоўнена дысідэнтамі, з якімі вялася актыўная барацьба.

Пасля смерці Карымава ў 2016 годзе да ўлады прыйшоў Мірзіеў, аднак, як сцвярджае выданне, ва Узбекістане спачатку мала што змянілася. Да актыўных дзеянняў новы прэзідэнт перайшоў у 2018-м. Ягоны ўрад у значнай ступені спыніў прымусовую працу, дазволіў працаваць замежным журналістам, адкрыў больш памежных пераходаў, прыняў рашэнне закрыць адну з самых суровых турмаў – «Жаслык». «Замежных тэхнакратаў запрашаюць дапамагчы перабудаваць дзяржаўную эканоміку», – адзначае часопіс.

На думку The Economist, Узбекістану яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, але ў 2019 годзе «ні адна іншая краіна не прасунулася так далёка«.

Сёлета рэдакцыя выдання разглядала некалькі кандыдатаў на званне краіны гады. Акрамя Узбекістана ў спіс трапілі Новая Зеландыя, Паўночная Македонія і Судан.

Летась The Economist назваў краінай года Арменію праз тое, што там адбылася мірная дэмакратычная рэвалюцыя.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў