«Так, б***дзь, дзеля кватэры я цябе нарадзіла». У Менску паказалі спектакль пра беларускую бяздзейнасць


На мінулым тыдні ў прасторы «ОК16» прайшоў паказ спектаклю «Комната умирает», які паказвае тыповыя сцэны з жыцця нашага грамадства: дзед ветэран Вялікай Айчынай, якога даглядае ўнучка, п’янкі на Ждановічах і эміграцыя ў Польшчу па лепшае жыццё. Гэты спектакль быццам бы згустак нашых праблемаў, што і ствараюць жудасную сітуацыю, у якой апынулася краіна, гэтак званае «балота». Мы завіталі на паказ і дзелімся ўражаннямі, якія ў кожнага могуць выклікаць дэжавю.

Імпрэза на Менскім моры. Фрагмент спектаклю «Комната умирает». Фота belsat.eu

Спектакль-рэфлексія пра беларускую бяздзейнасць

Ангар прасторы «ОК16» ператварыўся ў сцэну, якую разбілі на пяць умоўных тэрыторыяў, кожная са сваймі каардынатамі, напісанымі крэйдаю на сценах, а цэнтр – памяшканне з чырвоным святлом ад тэлевізара. Тэлевізар увогуле гуляе тут асаблівую ролю: па ім паказваюць навіны, парады і, вядома ж, кіраўніка краіны.

Фрагмент спектаклю «Комната умирает». Фота belsat.eu

Гэтыя тэрыторыі змяняюцца паводле чаргі: цяпер мы ў менскай кватэры, дзе жыве стары ветэран, а пазней пераносімся ў Варшаву, дзе жывуць беларускія ЛГБТ-эмігранты.

«На парадзе я буду – батон»

Унучка Марына – ледзь не галоўная гераіня драмы. Звычайная беларуская дзяўчынка, якая паступіла на бюджэт у ВНУ. Даглядае старога дзеда і шукае польскія дакументы бабулі, каб перадаць сястры ў Польшчу. У яе мала грошай і яна мусіць браць удзел ува ўсіх «абавязковых» актыўнасцях універсітэту. У адной са сцэнаў яна кажа дзеду: «На парадзе я буду – батон. У тэлевізары пакажуць».

Паглядзець спектакль прыйшлі каля 100 чалавек. Фота belsat.eu

Персанаж дзеда таксама вельмі паказальны. Ён удавец, які чытае часопісы пра здароў’е, глядзіць праграму Малышавай «Жыць здорава» і прышпільвае медаль на Дзень Незалежнасці. Імаверна, у ім вы зможаце пазнаць сваіх сваякоў.

«На Чыжоўцы ніхто не жэніцца, усё толькі паміраюць»

Не сакрэт, што Беларусь займае ледзь не першае месца ў спажыванні алкагольных напояў. Калі нешта здараецца кепскае, то ў нас – п’юць, калі добрае – таксама. Гэта паказанае і ў спектаклі. У адной са сцэнаў гераіня сядзіць з манікюрніцай і п’е цёплае шампанскае. У яе сарвалася вяселле, побач ляжыць сукенка, а манікюрніца распавядае, як жыве ў Чыжоўцы. Што ейны бацька афганец, у якога зносіць галаву пасля вайны, а цяпер ён увогуле ў турме. Тут прыпаўзае п’яны сябра вайсковец, і яны ўтраіх ужо на Менскім моры змешваюць «Бульбаш» з танным сокам.

Сябра вайсковец. Фрагмент спектаклю «Комната умирает». Фота belsat.eu

«Мой родны кут, як ты мне мілы. А прыходзіш з працы, а тата ў лайне ў калідоры валяецца», – цытата з пастаноўкі. Дарэчы, цікавы момант, перабіўкі паміж дзеяннямі адбываюцца ў стылі рэйв-вечарыны.

Спектакль распавядае, ў тым ліку, пра пошукі самаідэнтыфікацыі. Фота belsat.eu

Беларуская эміграцыя і ЛГБТ

Асобна ў спектаклю вылучаецца тэма беларускай эміграцыі. Мэты, больш чым рэальныя і простыя, палепшыць сваё жыццё. А вось ці атрымаецца – гэта ўжо пытанне.

Беларускія ЛГБТ-эмігранты ў Варшаве. Фота belsat.eu

Выразны прыклад – два беларусы нетрадыцыйнай арыентацыі, якія жывуць у Варшаве. Зʼехалі яны туды разам, але ў адносінах пачаліся праблемы і працаваць на будоўлі ім не тое каб падабаецца. Але там ім усё адно лепей, чымся на Радзіме, дзе яны адчуваюць ціск.

«Што я буду ў сваім яб*чым Магілёве рабіць?» – кажа адзін з персанажаў.

Нельга не звярнуць увагі, што ў пастаноўцы даволі шмат элементаў нацыянальнай сімволікі: кубак з пагоняй або БЧБ-сцяг у эмігранткі ў ЗША. Ды ўвогуле шмат такіх дробязяў, якія зразумее толькі беларус, напрыклад, як жаўнер на п’янцы кажа: «Гэта ЦТ па гісторыі Беларусі ці што?».

Беларуская эмігрантка ў ЗША. Фота belsat.eu

Таксама закранаецца праблема, што эмігранты губляюць усю беларускасць і яшчэ спрабуюць на ёй зарабіць. У адной са сцэнаў гледачам паказваюць размову беларускай эмігранткі ў ЗША з амерыканскім прафесарам. Яна адмін нейкай беларускай суполкі ды прапаноўвае набыць «цішотачку, кубачкі з пагоняй», а як яе запытваюць, то і кажа, што пра Беларусь памятае толькі тое, як жыла на вул. Ангарская і ўсё.

Фрагмент спектаклю «Комната умирает». Фота belsat.eu

Усе гэтыя тэмы блізкія кожнаму беларусу, усе пра іх ведаюць, але казаць у лоб неяк не прынята. Хто ж любіць чуць пра кепскае?

Пасля спектаклю мы спыталіся ў гледачоў, што яны пра гэта думаюць. Ці правялі яны нейкія паралелі?

Наведнік спектаклю Зміцер Кароль. Фота belsat.eu

«Таксама збіраюся з’язджаць, я пабачыў сябе ў гэтым спектаклі, у тых або ў іншых ролях. Стасункі з сям’ёй, сястра ў Польшчы. Гэта ўсё жыццёва, гэта натуральна», – кажа наведнік Зміцер Кароль.

Агулам у ангары на вуліцы Кастрычніцкая сабралася каля 100 чалавек. Пастаноўка задае вострыя пытанні, адказы на якія кожны зможа знайсці толькі сам.

Рэжысёрка Паліна Дабравольская. Фота belsat.eu

«У кожнага пасля прагляду ўзнікаюць свае думкі. Краіна развальваецца. Калі вас гэта хвалюе, паспрабуйце нешта змяніць у сабе, а пасля нешта зрабіць, а не проста казаць пра гэта», – кажа рэжысёрка Паліна Дабравольская.

Паводле аўтараў, «Комната умирает» – гэта рэфлексія ў адным бяздзеянні. Фота blest.eu

Спектакль наводзіць на думку, што ў нашай краіне ёсць праблемы, якія трэба неадкладна развязваць. Ён дае магчымасць зірнуць на грамадства, на сябе крыху з іншага ракурсу. І, як сказаў адзін з герояў: «Не падабаецца? Во, на Плошчу!».

Але пачынаць трэба заўсёды з сябе…

ВР, фота АС belsat.eu

Стужка навінаў