Сем гадоў таму, 19 снежня 2010 года, у Менску адбылася масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Акцыя была жорстка разагнаная сілавікамі. Сёння мы сабралі і прадстаўляем вам фотаздымкі тых падзеяў, якія раней нідзе не публікаваліся.
Сотні людзей былі арыштаваныя, дзясяткі патрапілі пад крымінальны пераслед.
Агулам у пратэставым шэсці ад Кастрычніцкай плошчы да Плошчы Незалежнасці ўзялі ўдзел да 60 тысяч чалавек.
Сярод збітых і затрыманых былі і кандыдаты ў прэзідэнты: яшчэ да пачатку акцыі на Уладзіміра Някляева напалі людзі ў цывільным, яго забрала «хуткая дапамога».
Пазней група невядомых асобаў спрабавала штурмам узяць Дом ураду, дзе забарыкадаваліся АМАПаўцы.
На наступны дзень пасля брутальнага разгону апазіцыйныя палітыкі заклікалі прыходзіць на Плошчу для бестэрміновага пратэсту. Увечары 20 снежня там прысутнічала да 200 чалавек, іх таксама разагналі сілавікі.
21 снежня Аляксандр Лукашэнка распачаў свой чацверты прэзідэнцкі тэрмін.
КА, belsat.eu, фота – Аляксандр Саенка