Святлана Алексіевіч: «Мая зямля – Беларусь. Мая родная мова – беларуская»


Ужо ўвосень падчас перапісу насельніцтва грамадзяне Беларусі адкажуць на шэраг пытанняў. Адным з іх будзе пытанне пра родную мову. Нобэлеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч ужо ведае, якую мову пазначыць роднай.

«Канечне ж, я беларуска, і, канечне ж, мая родная мова – беларуская, хоць я на ёй не размаўляю, паколькі ўся практыка майго жыцця – гэта расейская мова, расейская культура. Але я адчуваю сябе беларускай, што я на беларускай зямлі, гэта мая зямля, у мяне бацька адсюль. Я іншага жыцця не ведаю, нягледзячы на тое, што я жыла ў Еўропе і шмат дзе ў свеце. Але мая зямля – Беларусь», – кажа Святлана Алексіевіч.

Hавiны
Алексіевіч на нобэлеўскай цырымоніі: «На развітанне я б хацела, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларуская мова, мова майго народа»
2015.12.11 00:23

Святлана Алексіевіч адзначае, што мова – гэта яшчэ і важны фактар бяспекі Беларусі.

«Чым хутчэй адбудзецца ў людзей у галаве працэс самаідэнтыфікацыі, кожны з нас скажа: «Я беларус! Гэта мая зямля, зямля маіх дзяцей! І я буду вырашаць, што тут рабіць», – тым хутчэй зменіцца нашае жыццё», – лічыць нобэлеўская лаўрэатка.

Далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны»!

У 2019 годзе у нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (нумар 12 і 13) і пра вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.
Беларуская мова – гэта неад’емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага народу. Вынікамі перапісу мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы паўнавартасная нацыя, вартая зацікаўлення і павагі з боку іншых нацыяў свету. Падтрымаем наш нацыянальны скарб – мову нашых продкаў, якая нас усіх аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.
Стужка навінаў