СМІ: дысертацыя Уладзіміра Пуціна - фальшывая


Рэктар Горнага ўніверсітэту Санкт-Пецярбургу Уладзімір Літвіненка самастойна напісаў дысертацыю для Уладзіміра Пуціна, у якога ён быў навуковым кіраўніком. Пра гэта распавяла яго дачка Вольга Літвіненка.

Паводле яе слоў, пасля таго, як у 1994 годзе пры падтрымцы Пуціна Літвіненкі стаў рэктарам Горнага ўніверсітэту, у ВНУ «была арганізавана злачынная групоўка з прафесараў і выкладчыкаў», якія «штампавалі фіктыўныя дысертацыі з заведама зразумелым вынікам на абароне».

Стаўкі за дысертацыі, распавяла Літвіненкі, пачыналіся ад 30 тысяч еўра, а доктарскай – вар’іраваліся ад 50 да 100 тысяч еўра. Пры гэтым, лічыць яна, яе бацька напісаў дысертацыю для будучага прэзідэнта Расеі бясплатна, таму што «ў іх быў сумесны бізнес, і не адзін».

«1997 год, лета, да нас на дачу завезлі ксеракс, мой бацька ўзяў адпачынак. Пуцін ніколі не зʼяўляўся ў нас на дачы, ніколі не кансультаваўся з маім бацькам пра дысертацыі… То бок усё гэта напісаў выключна мой бацька. І вось як гэта рабілася: браліся розныя кнігі, нейкі абзац падабаўся, значыць мы кладзём гэтую старонку на ксеракс, потым ён выразаў тое, што яму спадабалася, наклейваў на аркушы фармату А4, дадаваў свой каментар і далей ішоў якой-небудзь іншы абзац. Усё гэта я бачыла, гэта было на маіх вачах», – заявіла Вольга Літвіненка ў інтэрвʼю расейскай службе Радыё Свабода.

У 2006 годзе даследчыкі Брукінгскага інстытута ў Вашынгтоне выявілі ў дысертацыі Уладзіміра Пуціна пад назвай «Стратэгічнае планаванне ўзнаўлення мінеральна-сыравіннай базы рэгіёну ва ўмовах фармавання рынкавых адносін» плагіят: 16 з 20 старонак, якімі пачынаецца ключавая частка працы Пуціна, былі альбо скапіяваныя, альбо перапісаныя з мінімальнымі зменамі з кнігі «Стратэгічнае планаванне і палітыка» прафесараў Пітсбургскага універсітэту Уільяма Кінга і Дэвіда Кліланда.

ІІ, belsat.eu, паводле Радыё Свабода і «Медуза»

Стужка навінаў