СМІ: да Валерыя Цапкалы прыйшлі сілавікі. Потым гэтую інфармацыю зняпраўдзілі


Дом Валерыя Цапкалы.
Фота: «Белсат»

Да дому Валерыя Цапкала прыйшлі працаўнікі Камітэту дзяржкантролю, распавёў TUT.BY прадстаўнік яго штаба. Пазней гэтую інфармацыю ў штабе патэнцыйнага кандыдата зняпраўдзілі.

Паводле прадстаўніка Цапкалы, некалькі працаўнікоў Камітэту дзяржкантролю цяпер знаходзяцца каля дома Цапкала. Сам Валерый гадзіну таму быў на прабежцы, дзе ён цяпер, яго прадстаўнік не ведае.

«Ператрус яшчэ не пачаўся», – сказаў прадстаўнік Цапкала.

«Такой інфармацыі ў мяне няма», – сказаў прэсавы сакратар Камітэту дзяржкантролю Кірыл Данілаў.

Пазней прадстаўнік каманды Цапкалы зняпраўдзіў інфармацыю пра ператрус: сілавікоў бачылі не каля дому, а каля штабу патэнцыйнага кандыдата. Ніякіх ператрусаў не было і з самім Валерыям Цапкалай усё добра.

Нагадаем, 4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў Валерыя Цапкала і намякнуў на нейкія махінацыі з продажам дома. «Гэта ж да хлусні дайсці… Пытаюцца: на чые грошы вядзеш гэтую кампанію? – Я дом прадаў і на гэтыя грошы вяду кампанію. Нават калі прадаў, то гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб тысячу чалавек штаб утрымліваць ці нават 500 і весці гэтую кампанію», – казаў кіраўнік дзяржавы. «Але вы паглядзіце, як прадаў? Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі. І ён, нахабнік, выходзіць, і такі чысты, пухнаты», – падкрэсліў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў