Сусветная прэмʼера «Шчыгла» адбылася на кінафестывалі ў Таронта некалькі дзён таму. Паралельна фільм выйшаў у беларускі пракат. Меркаванні крытыкаў пра яго падзяліліся. Аглядальнікі парталаў «Variety» ці «Indie Wire» назвалі фільм «катастрофай», эксперты з «Vanity fair» катэгарычна не пагадзіліся. Адныя ўпэўненыя, што фільм атрымаўся цудоўны, іншыя лічаць вынік стэрыльным.
Гэта экранізацыя скандальнага бэстсэлера амерыканскай пісьменніцы Донны Тартт, які атрымаў Пулітцэраўскую прэмію ў 2014г. Кніжка дамінавала ў топе продажаў больш чым 30 тыдняў. Ірландскі рэжысёр Джон Краўлі вядомы фільмамі «Хлопчык А» і «Бруклін», дзе ён паказваў працэс сталення сваіх герояў, аналізаваў іх псіхалогію і праблемы выбару. У «Шчыгле» Краўлі спрабуе рабіць тое ж самае.
На чырвоным дыване, прэмʼера стужкі на кінафестывалі ў Таронта.
Існуе меркаванне, што добрых экранізацый складаных раманаў не існуе. Чытачы «Шчыгла» могуць негатыўна паставіцца да фільма. І гэта не дзіўна. Кажуць, што многія дэталі, узаемаадносіны і перажыванні герояў са стужкі проста зніклі. Прыхільнікі чытання ўпэўненыя, што сцэнар фільма павінен пісаць аўтар рамана. Тады вынік можа атрымацца адэкватным. Тут так і было, Донна Тартт узялася за сцэнар, але яго ўсё-ткі адаптавалі для экрана іншыя.
Шырокі глядач можа змарыць ад хронаметражу, ад лішку псіхалагічных дэталяў, ад мернага тэмпу сталення героя, і нават ад недахопу рэплік – тлумачэнняў таго, што адбываецца.
Тыя, хто рамана «Шчыгол» не чытаў, будуць доўга сумнявацца, да якога жанру належыць відовішча, і не змогуць прадказаць кірунак развіцця сюжэту фільма. Але гэта вялікі плюс для драмы.
Чытачы могуць абурыцца адсутнасцю ў фільме шматлікіх дэталяў з рамана і апынуцца не ў стане ацаніць відовішча. Да абʼектыўных недахопаў «Шчыгла» можна аднесці не ўсюды апраўданыя флэшбэкі, сістэму пераскокванне падзеяў у «тады» і ў «зараз». Хоць, магчыма, гэты прыём дазваляе пакараціць фільм?
Усе ролі сыграны бездакорна. Два акторы (Энсел Элгорт і Оакс Фіглі) малююць героя што ў юнацтве, то і ў сталасці – яскрава, тонка і пераканаўча. Ніколь Кідман у ролі часовай маці не настолькі халодная як пры ўвасабленні іншых яе галоўных гераінь. Стылістыка фільма простая, але некаторыя сцэны нагадваюць пра кіно 70-х. Праца аператара часам як бы цытуе агульныя планы з фільмаў такіх майстроў, як Антаніёні або Берталучы.
Разведзеная маці гіне пры выбуху ў музеі «Метраполітан». Ейны сын аказваецца побач з дзядком, які неўзабаве памірае і, паводле ягонай парады, забірае карціну мастака 17 стагоддзя Карэла Фабрыцыуса «Шчыгол» сабе ў заплечнік. З гэтага моманту пачынаецца апантанасць хлопца тым творам. «Шчыгол» робіцца фетышам, які зацяняе яму вобраз маці на ўсё жыццё.
Цяжкасці сталення галоўнага героя. А яшчэ – злая роля рускай мафіі. Калі б фільм пачынаўся з канца, то шматлікія назвалі б «Шчыгла» крымінальным трылерам.
Калі вы не баіцеся доўгіх сурʼёзных псіхалагічных драм і (галоўнае!) не знаёмыя са зместам рамана, абцяжаранага Пулітцэраўскай прэміяй, смела адпраўляйцеся на сеанс. Вас чакае знаёмства з шэрагам яскравых вобразаў. Я не стану папракаць стужку ў наяўнасці «оскарнага пафасу». «Такая літара ў алфавіце ёсць». І яна, хутчэй за ўсё, лішняя.
Тым не менш, гэты фільм абудзіў успаміны пра нейкія эмацыйныя падзеі ў маім жыцці. Значыць, «Шчыгол» усё ж такі валодае сілай уздзеяння на ўяўленне. Ацэнка 6 з 10.
Прэс-канферэнцыя стваральнікаў «Шчыгла» на фестывалі ў Таронта.
Сяргей Філімонаў belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.