«Росатом»: першы блок БелАЭС гатовы на 97 %. Эколагі: гэтыя 97 % могуць быць вельмі ўмоўнымі


Эколагі мяркуюць, што расейскія ацэнкі гатовасці першага энергетычнага блоку БелАЭС могуць сур’ёзна разыходзіцца з рэальнасцю.

Генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энергіі «Росатом»: Аляксей Ліхачоў 24 верасня заявіў, што першы блок БелАЭС гатовы на 97 %. «Першы блок цяпер у найвышэйшай ступені тэхнічнай гатовасці, мы ацэньваем, гэта 97 % рэалізацыі праекту. Сёння мы ў прынцыпе з дакладнасцю да дзён можам распісаць усе падзеі і дзеянні, уключаючы фізічны пуск, падключэнне да сеткі, выхад на стоадсоткавую магутнасць», – заявіў ён. Нагадаем, паводле плану першы энергаблок БелАЭС мусіць будзе ўведзены ў эксплуатацыю да канца 2019 года.

Сябра рады ГА «Экадом» Ірына Сухій у каментары belsat.eu адзначыла, што паралельна з заяваю Ліхачова з тэлеграм-каналу NEXTA стала вядома, што пры будаўніцтве БелАЭС праз карупцыю быў дапушчаны шэраг дэфектаў. На думку Сухій, гэта сведчыць пра тое, што на БелАЭС могуць быць і іншыя недапрацоўкі.

«Мы не ведаем, якія парушэнні і праблемы там былі яшчэ ў працэсе будаўніцтва. Паводле нейкіх фрагментарных звестак (абвалілася нешта, пабілі корпус рэактару) можна судзіць, што там, імаверна, шмат парушэнняў і праблемаў. Таму гэтыя 97 % гатовасці могуць быць вельмі ўмоўнымі. Вонкава энергаблок можа быць гатова на 97 %, але пры рэальнай ацэнкі якасці можа аказацца, што гэтую АЭС наагул нельга запускаць», – кажа яна.

Сухій падкрэслівае, што адным з галоўных патрабаванняў эколагаў ёсць усталяванне ўсталяванне фільтраў у сістэме вентыляцыі БелАЭС, якія б не дапускалі шкодных выкідаў у атмасферу.

«Адзін з галоўных момантаў, на якіх мы настойваем – гэта фільтры ў сістэме вентыляцыі. Гэта цяпер укараняецца на ўсіх атамных станцыях, бо гэта можа знізіць выкіды радыенуклідаў пры працы АЭС у звычайным, безаварыйным рэжыме. Бо ўсе станцыі ўсё роўна выкідваюць значную колькасць радыенуклідаў, і на адлегласці 10 кіламетраў гэта даволі заўважнае ўздзеянне можа быць. Нямецкія навукоўцы, напрыклад, сцвярджаюць, што за 10 км ад АЭС імавернасць захварэць на лейкемію ўзрастае ў некалькі разоў. Гэта вельмі сур’езныя рэчы», – падкрэслівае прадстаўніца «Экадому».

Група з 15 навукоўцаў даследуе канцэнтрацыю радыеактыўных рэчываў у зямлі, паветры і вадаёмах вакол Астравецкай АЭС. Ілюстрацыйнае фота Васіля Фядосенкі / Reuters / Forum

Таксама эколагі выступаюць супраць таго, каб адробленае паліва з БелАЭС накіроўвалі на перапрацоўку ў Расею з вяртаннем адкідаў у Беларусь. Нагадаем, менавіта такі план сёлета зацвердзілі ва ўрадзе.

«Думаю, Беларусі не трэба транспартаваць адпрацаванае ядравае паліва ў Расею, а потым перапрацаванае везці назад. На чыгунцы могуць быць аварыі, гэта толькі павялічвае небяспеку», – адзначыла суразмоўца belsat.eu. Сухій мяркуе, што адкіды трэба захоўваць у спецыяльных сховішчах на самой станцыі – менавіта на карысць гэтага сведчыць цяперашні сусветны досвед.

Аб’ектыў
Сховішча ядравых адкідаў можа з’явіцца пад Менскам
2019.09.06 23:15

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў