«Расатам» кажа, што першы энергаблок БелАЭС гатовы на 97 %. Але ў Румаса ёсць пытанні


Генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энергіі «Расатам» Аляксей Ліхачоў заявіў, што першы энергаблок БелАЭС знаходзіцца ў «вышэйшай ступені тэхнічнай гатовасці».

24 верасня прадстаўнік дзяржкарпарацыі ўзяў удзел у сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам. Напярэдадні кіраўнік «Расатаму» наведаў пляцоўку будаўніцтва БелАЭС, паведамляе Мінэнерга Беларусі.

«Паводле кіраўніка дзяржкарпарацыі «Расатам», першы энергаблок знаходзіцца ў вышэйшай ступені тэхнічнай гатовасці. Бакамі выпрацаваны рашэнні па далейшаму ўзаемадзеянню па ўводзе ў працу першага энергаблоку і бодове другога энергаблока», – гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга Беларусі.

Паводле Ліхачова, першы энергаблок гатовы на 97 %.

Падчас сустрэчы кіраўнік беларускага ўраду прапанаваў разабрацца з тым, што перашкаджае «выконваць планы».

«Галоўнае – мы павінны дакладна вызначыцца, што нам перашкаджае сёння выконваць тыя планы, якія намеціліся па ключавых этапах. Думаю, мы павінны пабудаваць працу так з абодвух бакоў, каб ніякіх збояў у нас не адбылося», – цытуе Сяргея Румаса belta.by.

Першы энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2019 года, другі – у 2020 годзе.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў