Праз каронавірус у Горадні адмовіліся ад правядзення масавай акцыі на Дзень Волі


Арганізатары правядзення Дня Волі-2020 у Горадні вырашылі адмовіцца ад святкавання ўгодкаў БНР у фармаце масавай акцыі. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Праз каронавірус, выпадак якога зафіксаваны ў Горадні, арганізатары Дня Волі вырашылі адмовіцца ад правядзення масавай акцыі.

«Прынята калектыўнае рашэнне адмовіцца ад святкавання Дня Волі-2020 у фармаце масавай акцыі. Мы пераходзім да запаснога варыянту, які распрацоўваўся на выпадак забароны мерапрыемства гарвыканкамам і не прадугледжвае цэнтралізаванага масавага збору людзей у адным месцы. Задуманыя актыўнасці, квэст, пашпарты і візы – па-ранейшаму актуальныя», – напісаў Вадзім Саранчукоў.

11 сакавіка ў Мінаховы здароўя паведамілі, што тэсты на наяўнасць каронавіруса далі станоўчы вынік у трох асобаў з Менску, Гомля і Горадні.

Адзін з іх быў выяўлены падчас кантролю ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» – беларускі грамадзянін вяртаўся з Партугаліі. У іншым выпадку 62-гадовая жанчына прыбыла з Італіі ў Горадню з панядзелку на аўторак. У аўторак яна звярнулася да лекараў і была дастаўленая ў абласную інфекцыйную больніцу.

Удакладняючая дыягностыка на дадзены момант праводзіцца ў дачыненні пацыента, які прыбыў з Нямеччыны і пры гэтым схаваў факт свайго знаходжання раней у Паўночнай Італіі.

Праз каронавірус медыкі заклікаюць грамадзянаў адмовіцца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах.

Абноўлена
Яшчэ 3 інфікаваныя каронавірусам. У Беларусі ўжо 12 выпадкаў заражэння
2020.03.11 09:56

СК belsat.eu

Стужка навінаў