Працяг войнаў, пратэсты, недавер паміж дзяржавамі. Палітычны прагноз Stratfor на 2018 год


У 2018 году свету прагназуюць працяг войнаў ва Украіне і Сірыі, эканамічную ўзаемазалежнасць, ўзаемнае недавер і ненадзейныя гарантыі бяспекі. Такі прагноз на наступны год зрабілі ў амерыканскім аналітычным цэнтры Stratfor.

У 2018 годзе ва Украіне чакаюць пратэстаў і ўзрушэнняў ва ўладзе, якія могуць прывесці да датэрміновых выбараў. Пры гэтым аналітыкі не мяркуюць сыход дзяржавы ад празаходняга курса з-за вайны на Данбасе.

Разам з тым у даследаванні адзначаецца, што чакаць завяршэння вайны не варта, хоць і ёсць пэўны прагрэс у перамовах паміж ЗША і Расеяй у гэтым пытанні. У прыватнасці, гэта датычыцца пытання аб міратворцах.

Чакаецца, што ЗША і заходнія партнёры працягнуць аказваць палітычную, эканамічную і абаронную падтрымку Украіне, якая адначасова будзе імкнуцца ўмацаваць галіновую інтэграцыю з Польшчай і дзяржавамі Балтыі.

З боку Расеі прагназуюць нарошчванне гібрыднай ваеннай кампаніі супраць Украіны і яе саюзнікаў з магчымымі кібератакамі і забойствамі. Да таго ж, Расея будзе выкарыстоўваць рознагалоссі паміж еўрапейскімі краінамі з дапамогай «трубаправоднай» палітыкі і прапаганды.

Са свайго боку, ЕЗ працягне сцвярджаць, што зняцце санкцыяў з РФ магчыма толькі пасля поўнага захавання мірнага плана па Украіне. Аднак пашырэнне санкцый чакаць не варта, бо менавіта пытанне аб санкцыях ўжо стала прадметам спрэчак унутры самога ЕЗ.

Малдова, на думку аналітыкаў, можа пачаць адкат сваёй праеўрапейскай палітыкі, калі на парламенцкіх выбарах у 2018 годзе перамогуць прарасейскія сілы.

У ЕЗ спрэчкі будуць адбывацца паміж пазіцыямі Францыі і Нямеччыны датычна палітыка дзяржвыдаткаў. Таксама дапускаецца, што «еўраскептыкі» Італіі пасля верагоднай перамогі на вясновых выбарах у парламент могуць пачаць выводзіць краіну з зоны еўра або шантажаваць гэтым ЕЗ.

Польшча і Венгрыя прагназуема будуць абараняць сваю ўнутраную палітыку ад структур ЕЗ, тады як Чэхія і Славакія – будуць працягваць больш прагматычную палітыку кампрамісу з Заходняй Еўропай.

Ад Кітая чакаюць спробаў пераразмеркавання багацця, бо ў краіне адна з найгоршых сітуацый у свеце па няроўнасці даходаў – 1% валодае трэцюю актываў краіны. Таксама дзяржава будзе змагацца з забруджваннем навакольнага асяроддзя.

Аналітыкі цэнтра лічаць, што грамадзянская вайна ў Сірыі не скончыцца з-за інтарэсаў Ірана, Турцыі, Расеі і самой Сірыі.

ЗША, імаверна, адмовяцца ад прэвентыўнага ўдару супраць паўночнакарэйскай ядравай зброі, які можа вярнуць сусветную эканоміку ў перыяд стагнацыі, адкуль яна толькі пачала выходзіць.

Паглыбленне супрацоўніцтва паміж Кітаем і Расеяй будзе складаць стратэгічную пагрозу для ЗША, якія пачнуць узмацняць сваіх еўразійскіх партнёраў.

Увогуле, у даследаванні прагназуюць эканамічную ўзаемазалежнасць, узаемны недавер і ненадзейныя гарантыі бяспекі. Гэта будзе заахвочваць сусветных гульцоў балансаваць паміж хаўрусам і варожасцю.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў