Беларусь будзе стрымліваць любога магчымага агрэсара дальнабойнымі і магутнымі ракетамі, а таксама распрацоўваць ударныя беспілотнікі, паведамілі ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі. Акрамя таго, плануюць, што экспарт беларускіх узбраенняў у 2018 годзе перавысіць $ 1 млрд. Але кіраўнік краіны патрабуе дасягнуць узроўню $ 2 млрд. І зрабіць гэта ўжо сёлета.
Нашая краіна плануе развіваць вайсковую ракетную тэхніку, беспілотныя авіяцыйныя комплексы розных тыпаў, вайсковую робататэхніку, пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце ўстановы аб сустрэчы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёю ДВПК Раманам Галоўчанкам.
У прыватнасці ў Беларусі ўжо распрацаваныя сістэмы кіравання і сувязі, навігацыі, мэтавыя нагрузкі для беспілотнікаў, якія будуць не толькі весці выведку ды назіраць за праціўнікам, але і наносіць па ворагу ракетныя ўдары. Асобныя ўзоры гэтай тэхнікі дэманстраваліся ў кастрычніку.
Створаныя і мадэрнізуюцца рабатызаваныя агнявыя комплексы «Берсерк» і «Багамол», аўтаматызаваныя дыстанцыйна кіраваныя наземныя агнявыя комплексы «Адунок».
Рабатызаваны супрацьтанкавы комплекс «Багамол». Відэа ДВПК
У сувязі з тым, што ў Беларусі пасля знікнення СССР не засталося прадпрыемстваў у вытворчасці вайсковай стралковай зброі і патронаў, у гэтай сферы нашая краіна вельмі залежыць ад Расеі. Аднак сітуацыя паступова будзе мяняцца.
«Прэзідэнт гэтае заданне паставіў не проста так. Стралковая зброя маральна старэе гэтаксама, як і ўсё астатняе… Заданне кіраўніка дзяржавы пастаўленае, і яно будзе выконвацца», – сказаў Раман Галоўчанка.
Пакуль у Беларусі збіраецца толькі службовая і грамадзянская зброя, якая адрозніваецца характарыстыкамі ад вайсковай, прычым пераважна з імпартных камплектавальных. Акрамя таго, у Віцебскай вобласці недалёка ад Воршы будуюць завод вытворчасці патронаў.
Пры гэтым «галоўным заданнем» лічаць нястратную працу прадпрыемстваў, станоўчыя фінансавыя вынікі дзейнасці. Тут вельмі дапамагае экспарт, бо Беларусь падтрымлівае вайскова-тэхнічную супрацу больш як з 60 краінамі свету.
«Станам за 10 месяцаў мы падыходзім да аб’ёму экспарту $ 1 млрд. Калі ўсё пойдзе ў планавым парадку, то па выніках года ўзровень $ 1 млрд будзе перавышаны», – сказаў Галоўчанка.
Новыя «Паланэзы» армія Азербайджану атрымала ў верасні 2018 года. Відэа Міністэрства абароны Азербайджану
У прыватнасці можна згадаць пастаўкі сістэмаў залпавага агню «Паланэз» у Азербайджан – самай магутнай і дальнабойнай (калі не лічыць авіяцыі) зброі беларускай арміі. А кіраўнік Дзяржкамваенпраму прывёў у прыклад экспарт беларускіх распрацовак у сферы радыёэлектроннай барацьбы.
«Ёсць дзяржавы, якія вельмі шчыльна сядзяць на беларускім узбраенні… Суадносіны характарыстык і кошту гуляюць на карысць беларускіх вырабаў», – сказаў урадовец.
Такім чынам беларуская ваенная прамысловасць не толькі дае працоўныя месцы, рыхтуе высока дасведчаных адмыслоўцаў, падтрымлівае беларускую культуру працы ды стварае дарагую высокатэхналагічную прадукцыю, але і дае прыбытак.
Асноўным вайскова-тэхнічным партнёрам Беларусі застаецца Расея, аднак Масква намагаецца дыктаваць Менску ўмовы і ў свой час хацела захапіць найлепшыя прадпрыемствы беларускага вайскова-прамысловага комплексу.
Масква ўжо спрабавала набыць важны ёй Менскі завод колавых цягачоў у 2012–13 гадах, прычым спрабавала выкручваць рукі беларусам негалоснаю забаронаю на набыццё прадукцыі МЗКЦ. Замест іх усходні сусед пагражаў пачаць выкарыстоўваць шасі вытворчасці КамАЗу і УралАЗу. Аднак шантаж не спрацаваў.
Дагэтуль МЗКЦ – пастаўнік цяжкіх колавых шасі для расейскай арміі. Менавіта на розных мадыфікацыях шасі МЗКЦ стаяць расейскія аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр», берагавыя ракетныя комплексы «Бал» і «Бастыён», кантэйнерныя ракетныя комплексы «Club-M», зенітна-ракетныя комплексы С-400 і С-500, ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння «Топаль-М» і «Ярс».
«Сапраўды, Расея вядзе самастойныя распрацоўкі на КамАЗе транспартавага сродку, які можа выступаць канкурэнтам прадукцыі МЗКЦ… Мы ў гэтым ніякай трагедыі не бачым… Мы працягваем і будзем канкураваць з расейскаю тэхнікаю», – адзначыў старшыня ДВПК.
У той жа час ён не выключыў і «менш станоўчага сцэнара», у сувязі з чым МКЗЦ імкнецца шукаць новых кліентаў, распрацоўваць не толькі шасі, але і паўнавартасныя ўзоры баявой тэхнікі на гэтых шасі.
Гэтак, дэбютам МЗКЦ у сферы бранятэхнікі для пяхоты стаўся бронеаўтамабіль «Volat V-1». Не выключаюць, што далей прадпрыемства будзе распрацоўваць першы беларускі бронетранспарцёр.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.