У нядзельным інфармацыйным шоў на тэлеканале «Россия-1» вядоўца Дзмітрый Кісялёў анансаваў, што цягам наступнага тыдня Расея закрые мяжу з Беларуссю.
Паводле Кісялёва гэтыя захады неабходныя для перадухілення распаўсюду пандэміі каронавіруса. У сваю чаргу ў нядзелю Міністэрства аховы здароўя Беларусі выступіла з заяваю, у якой патлумачыла, чаму беларускія ўлады не ўводзяць каранцін на тэрыторыі краіны.
16 сакавіка на аператыўнай нарадзе закрыццё мяжы з Беларуссю пацвердзіў прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.
«Мы таксама прынялі рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю для перамяшчэння людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў», – сказаў ён, паведамілі ў расейскім урадзе.
МЗС Беларусі пакуль вывучае інфармацыю пра рашэнне Расеі закрыць мяжу з Беларуссю, паведаміў ТАСС прэс-сакратар беларускага вонкавапалітычнага ведамства Анатоль Глаз.
Паводле яго, пазней МЗС плануе выступіць з тлумачэннямі для грамадзянаў у сувязі з новымі мерамі РФ.
Не змог пракаментаваць журналістам закрыццё мяжы і афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі. Паводле яго, «беларускіх памежнікаў на мяжы з Расеяй няма, іх знаходжанне там не планавалася».
15 сакавіка Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне аб працоўнай групе дзяржсавету па супрацьдзеянні каронавірусу. Кіраўніком групы прызначаны мэр Масквы Сяргей Сабянін.
Апроч Расеі, мяжа з якой пакуль застаецца адкрытаю, усе краіны суседзі – Украіна, Польшча, Літва, Латвія – закрылі свае межы з Беларуссю.
AA belsat.eu