Адмысловец Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч пракаментаваў журналісту belsat.eu вынікі парламенцкіх выбараў. Паводле яго, Зяленскі фактычна захаваў свой базавы электарат. Для «Слугі народу» цалкам выгодна як самастойнае фармаванне ўраду, гэтак і праца ў кааліцыі, упэўнены палітолаг.
«Для выбарнікаў Зяленскага непрымальныя ані «Еўрапейская салідарнасць», ані Цімашэнка, ані Медведчук. Ёсць адна простая прычына – гэта прадстаўнікі старой эліты, якая сёння не карыстаецца даверам у насельніцтва. Калі Зяленскі пачне вяртаць сістэму, якая была да Парашэнкі ці захоўваць яе і пойдзе на дагаварнякі, адразу згубіць падтрыманне. Без варыянтаў.
Калі пойдзе на кааліцыю з Медведчуком, згубіць цэнтр і захад. З Парашэнкам – цэнтр і ўсход. З Цімашэнкай – усю Украіну. Таму дагаварнякі са старымі элітамі для яго немагчымыя. То бок трэба будзе праводзіць рэформы і вельмі непапулярныя рэформы, шчыміць хвост алігархам і г.д. Медыйныя атакі будуць плюс фактар РФ», — робіць першыя высновы Ігар Тышкевіч.
На думку эксперта, цяпер Украіну чакае больш агрэсіўная вонкавая палітыка і больш рацыянальная.
«Самы вялікі сюрпрыз у мажарытарцы – гэта колькасць мандатаў, якія атрымала партыя «Слуга народу. Гледзячы на бэкграўнд кандыдатаў ад «Слугі народу», яны выглядалі слаба. Але нават у такім фармаце людзі палічылі за патрэбнае абраць менш дасведчанага новага чалавека, чым старога гульца, які будзе праводзіць у парламенце звычайную палітыку дагаварнякоў або перадвыбарнае засяванне грэчкі.
Але ў гэтым выпадку грэчка не спрацавала. Калі можна было займацца чорным піярам, купляць людзей, але пры гэтым нават людзі, якія бралі грошы, яны казалі «дзякуй», і ішлі галасаваць за іншых. Гэта пэўнае сведчанне таго, чаму можна гаварыць пра электаральную рэвалюцыю».
Паводле прагнозу эксперта, каля 30 % новых дэпутатаў будуць працаваць няякасна.
«Гэта нармальна для новых людзей. Цяпер алігархі губляюць кантроль над Вярхоўнаю Радай, таму ў найбліжэйшыя месяцы яны будуць хадзіць за дэпутатамі ды прапаноўваць ім або грошы, або дадатковыя бізнесы ці штосьці яшчэ. Таму будзе гонка за мажарытарнікамі. З пункту гледжання вынікаў выбараў па ўсёй краіне, апроч Львоўскай вобласці і частак Данецкай і Луганскай, перамагае партыя Зяленскага.
Гэта фактычна першыя выбары, калі Украіна аб’ядналася цалкам. Гэта шанц і магчымасць для Украіны праводзіць рэфармаванні, не звяртаючы ўвагу на ўнутрыпалітычную грызню».
АД/ДР belsat.eu