Рашэнне суду прызнаць фільм блогера NEXTA пра кіраўніка Беларусі экстрэмісцкім уступіла ў моц 6 снежня. Цяпер за яго распаўсюд будуць караць.
Фільм «Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы» быў прызнаны экстрэмісцкім 21 лістапада. Пра гэта радыё «Свабода» паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага Суду Юлія Ляскова. У гэты ж дзень быў затрыманы нібыта за наркотыкі журналіст Уладзімір Чудзянцоў, які дапамагаў у стварэнні стужкі.
Судовае рашэнне ўступіла ў моц 6 снежня. Цяпер тыя, хто распаўсюджвае фільм, будуць лічыцца парушальнікамі закону. За 1,5 месяцы яго паглядзелі на «YouTube» амаль 1,9 млн беларусаў.
У каментары belsat.eu NEXTA назваў прызнанне свайго фільму экстрэмісцкім палітычнай справай.
«Справа палітызаваная, яе мэта – зрабіць так, каб баяліся распаўсюджваць праўду пра кіраўніка Беларусі. І каб стужку «Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы» нельга было дэманстраваць у публічнай прасторы», – адзначыў ён.
«Па-першае, усе, хто хацеў, ужо яго даўно паглядзеў. Па-другое, той, хто не паглядзеў, зараз абавязкова паглядзіць. Па-трэцяе, паколькі казаць праўду ў часы хлусні – экстрэмізм, улады самі зрабілі чыстасардэчнае прызнанне», – мяркуе блогер.
На яго думку, фільм моцна закрануў Лукашэнку.
«Нават учора падчас «гістарычнай прамовы» пра яго казаў. Маўляў, варта прышчэпкі грамадству ад такога рабіць. Дзіўныя ў іх прышчэпкі – што самі толькі яшчэ больш пачынаюць хварэць», – дадаў NEXTA.
6 снежня блогер апублікаваў новае відэа – супраць інтэграцыі Расеі і Беларусі. Але расейскі офіс «YouTube» выдаліў відэа за «парушэнне правілаў у дачыненні бяспекі дзяцей».
«Прычым дзяцей у роліку наагул не было. А вось пра «свабоду інтэрнэту» у Расеі, па іроніі лёсу, было», – заявіў NEXTA.
Відэа за 2 гадзіны набрала амаль 60 тыс. праглядаў. Пададзеная апеляцыя на блакаванне.
МГ belsat.eu