Журналіст Уладзімір Чудзянцоў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў берасцейскім СІЗА. Яго знялі з цягніка на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё».
Паводле маці Уладзіміра Ніны Зуевай, у яе сына знайшлі пакет з нейкім рэчывам:
«Адвакат з ім ужо бачылася, яна расказала мне, што ў цягніку ён адлучыўся ў туалет і пакінуў сумку з рэчамі. А потым да яго мытнікі ў цягніку падышлі, пачалі абшукваць і знайшлі ў сумцы пакет, мне сказалі, што з наркотыкамі. Я яшчэ нідзе не была. Ён цяпер у берасцейскім СІЗА, і пакуль мне ніхто нічога не казаў».
Пасля гэтага ў менскую кватэру Уладзіміра Чудзянцова, дзе ён пражывае разам з маці, уварваліся чатыры чалавекі з сабакам і пачалі ператрус. У кватэры, паводле маці, «знайшлі два пакеты, якія былі прылепленыя скотчам да стала і ложку.
Ніна Мікалаеўна ўпэўненая, што гэта правакацыя і невядомыя рэчыва яму маглі падкінуць. Яна кажа, што сын ніколі не захапляўся наркотыкамі, не піў і не паліў.
Блогер NEXTA мяркуе, што наркотыкі Чудзянцову падкінулі, бо ўлады падазраюць журналіста ў сувязях з ягоным тэлеграм-каналам.
Праваахоўныя органы з афіцыйнымі заявамі наконт затрымання Чудзянцова пакуль не выступалі.
ІІ belsat.eu