Не стала мастака Захара Кудзіна. Яму было 33 гады


Мастак Захар Кудзін. Матэрыялы фестывалю «Артдокфэст»

У нядзелю, 29 снежня, не стала Захара Кудзіна, паведаміла сястра мастака.

Абноўлена. Паводле просьбы сям’і мы прыбралі інфармацыю пра прычыну смерці творцы.

Смерць мастака пацвердзіў «Белсату» таксама рэжысёр Максім Швед.

Нашая рэдакцыя выказвае спачуванні сям’і мастака.

Хто такі Захар Кудзін

Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. У 2007 годзе скончыў каледж мастацтваў імя Глебава. Жыў і працаваў у Менску.

Мастак прызнаваўся, што на яго паўплывала амерыканскае сучаснае мастацтва, асабліва абстрактны экспрэсіянізм: два гады ён нелегальна жыў у Нью-Ёрку, вандраваў аўтаспынам па Злучаных Штатах ды наведваў галерэі.

Шэсць гадоў таму праз глаўкому Кудзін пачаў бачыць навакольны свет скажона: аб’екты і людзі знікалі, трансфармаваліся, мігцелі, змяняючы колер. Гэткае ўспрыманне рэчаіснасці ён прадставіў у працах на выставе «Жывапіс левым вокам».

Захар Кудзін быў прыхільнікам абнаўлення «жывапісу як грандыёзнай канцэпцыі». Ствараў вялікія палотны ў шырокай экспрэсіўнай манеры. Тут – у сваёй менскай майстэрні. Фота – marketing.by

Пазалетась Кудзін звяртаўся да менскіх уладаў з прапановаю ўсталяваць на вуліцах ягоныя абстракцыйныя скульптурныя кампазіцыі (напрыклад, у выглядзе гіганцкага каляровага воблака) як альтэрнатыву традыцыйным помнікам.

Натхняўся каляровымі квадратамі і прастакутнікамі на менскіх будынках, якія паўставалі падчас замалёўвання ЖЭСамі графіці ды надпісаў на дамах, і пераносіў іх на палатно.

Захар Кудзін падчас працы. Фота – Максім Швед

Творчы дыялог мастака з камунальнікамі стаў сюжэтам фільму «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, які выйшаў у пракат у лістападзе.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў