Не пахне спіртам, дык падробка? Якія антысептыкі ўсталявалі ў гарадзенскіх крамах


Антысептыкі ў гіпермаркетах Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Наўпрост у крамах і ў інтэрнэце гарадзенцы скардзяцца, што антысептыкі ў крамах нічым не пахнуць. Belsat.eu праверыў, ці разводзяць вадою змесціва дазатараў.

Карэспандэнты «Белсату» спраўдзілі, дзе і чым пахне вадкасць, прапанаваная пакупнікам у якасці антысептыку. Дзеля гэтага наведалі асноўныя гіпермаркеты Горадні: «Алмі» на Савецкіх Памежнікаў, «Карону» на праспекце Купалы, «Алмі» на Кабяка, «Еўраопт» на Ціміразева, Old City на Дубко.

Наведнікі гіпермаркетаў усё часцей у масках. Персанал – у абавязковым парадку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Па-першае, дазатары з антысептыкам замантаваныя ва ўсіх гандлёвых пунктах, і людзі імі сапраўды карыстаюцца. Па-другое, у большасці крамаў антысептык сапраўды не аднолькава насычаны спіртам, што вынікае з яго паху.

У двух гіпермаркетах антысептыкі без «градуса»

Антысептык без спірту. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пазбаўленай паху аказалася вадкасць для апрацоўвання рук у «Алмі» на Кабяка. Дазатар там шматразовы, без якіх-кольвек пазнак на бутэльцы. Яго вытворца і склад – невядомыя. Дзе нельга пракантраляваць склад сродку, там застаецца поле для недаверу.

У «Еўраопце» на Ціміразева алкаголем антысептык таксама не пахне, але мае і назву, і хімічны склад. Гэта – «Эстос-М», прафесійны сродак для мыцця і дэзынфекцыі, згодна з допісам на этыкетцы. Вытворчасць – беларуская. Прызначэнне – дэзынфекцыя кісцяў рук. У складзе: катыённыя актыўныя рэчывы, змякчальнік, вада. Атрымліваецца, што аніякага спірту тут быць і не павінна.

Высновы без лабараторных доследаў

Антысептыкі ў гіпермаркетах Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Ці ратуе вось такі (пазбаўлены спірту і паху) антысептык ад каронавіруса, “Белсат” пацікавіўся ў лекара Уладзіміра Пруднікава.

«Антысептык неабавязкова мае быць спіртавы, – кажа лекар, – ёсць шмат сучасных рэчываў, якія забіваюць мікробы. Але падчас гэтай пандэміі Сусветная арганізацыя здароўя ўсё ж рэкамендуе спіртавы антысептык з канцэнтрацыяй 6070 % спірту. Таму і трэба нюхаць: калі тхне спіртам, значыць – дакладна ўсё ў парадку».

Мы прадэманстравалі сп. Уладзіміру антысептык «Эстос-М», з якім сустракае пакупнікоў «Еўраопт», каб спытацца ягонага меркавання.

«Таксама дапамагае, як сродак гігіены. Ну і магчыма, што дапаможа за кошт уздзеяння на капсід віруса. Але тут такі момант… дакладных звестак пра гэта няма. Пра спірт – ёсць. Таму менавіта спіртавы антысептык у гэтым выпадку – лепшы», – лічыць медык.

Ці са спіртам, ці без яго

Антысептыкі ў гіпермаркетах Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Напярэдадні САЗ падабрала і апублікавала рэцэптуры найбольш эфектыўных антысептыкаў для гігіены рук. Сродкі можна рабіць самастойна, а як – дзяржавы і ўстановы могуць даведацца з пакрокавай інструкцыі. Адметна, што ўсе прапанаваныя арганізацыяй рэцэпты ў аснове маюць спірт – да 75 %.

Калі прапанаваны нам у грамадскім месцы антысептык не пахне спіртам зусім – гэта азначае, што зроблены ён на аснове іншага моцнага кампаненту. Але калі сродак спіртам пахне вельмі слаба – ёсць прычыны сумнявацца ў яго эфектыўнасці. Бо кампаніі не выпускаюць геляў для гігіены рук з надзвычай малым утрыманнем спірту.

Антысептык у кішэні

Наведнікі гіпермаркетаў усё часцей у масках. Персанал – у абавязковым парадку. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Найбольш бяспечна – карыстацца антысептыкам, які выбралі сабе самастойна. На хвалі павышанага попыту сродкі дэзынфекцыі змялі з прылаўкаў і аптэк. Дзяржаўныя медыі цвердзяць, што праблема знікла пасля далучэння да вытворчасці сродкаў яшчэ некалькіх прадпрыемстваў канцэрну «Белдзяржхарчпрам». Пры патрэбах лякарняў у 35 тысяч літраў на содні, вытворчасць дае да 50 тысяч літраў – рапартуе Мінздароўя. Кажуць таксама пра наяўнасць дэзынфектараў і на паліцах аптэк.

Hавiны
«Калі «Мастоўдрэў» закрыюць – будзе баста!» Што кажуць пра каронавірус у Мастах?
2020.04.15 14:18

Разам з тым, набыць антысептык у аптэцы дагэтуль не так і проста. Напрыклад, у Мастах нашыя карэспандэнты знайшлі антысептык толькі ў адной аптэцы. І тое, не індывідуальны, што змяшчаецца ў кішэні, а літровы, для арганізацыяў ці гандлёвых пунктаў.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў