Форма купалу над брамнай вежай была адной з найбольш спрэчных у дыскусіях адмыслоўцаў наконт будучага выгляду замку. Варыянт, які ўсталявалі зараз, атрымаўся кампрамісным.
Справа ў тым, што на гравюры Тамаша Макоўскага 1600 году купал больш нагадвае шар. Такую форму ўзяў аўтар праекту аднаўлення замку Уладзімір Бачкоў. Аднак калегі Бачкова раскрытыкавалі, маўляў, трэба арыентавацца на аналагі, а не на прыкладныя і зусім невыразныя выявы. У 2019-м сваё слова сказалі і спецыялісты з Польшчы. У выніку паўстаў купал той формы, які зараз мы бачым над замкам.
Вышыня купалу 8 м, дыяметр – 6. Усярэдзіне гэта металічная канструкцыя, абшытая дрэвам. З вонкавага боку купал абшыты меддзю ды апрацаваны волавам. Як раней казалі будаўнікі, з часам купал мае пацямнець ды займее «шляхетную паціну». Наагул жа прыблізны «тэрмін жыцця» меднага купалу ці пакрытага меддзю даху – каля сотні год.
З часам над купалам мае паўстаць яшчэ і шпіль. Убачыць яго нам не ўдалося, бо шпіль знаходзіцца на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі. Будаўнікі распавялі, што гэта будзе не флюгер, а хутчэй нейкае падабенства «шахматнай фігуры».
АК, фота аўтара belsat.eu