У Менску 9 траўня праходзіць дазволеная ўладамі Беларусі акцыя «Несмяротны полк». Удзел у ёй, паводле ацэнкі карэспандэнта «Белсату», бяруць каля 300 чалавек.
Удзельнікі акцыі трымаюць у руках партрэты ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны, а таксама кіраўнікоў Савецкага Саюзу – Уладзіміра Леніна ды Іосіфа Сталіна. Таксама ёсць і транспаранты з цытатамі Сталіна.
У руках і на вопратцы ўдзельнікаў можна заўважыць савецкую і расейскую сімволіку, георгіеўскія стужкі, а таксама афіцыйныя беларускія кветкі Перамогі. Некаторыя з іх, у тым ліку дзеці, апранутыя ў вайсковую форму.
Спачатку арганізатары хацелі прайсці шэсцем ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі, аднак у выніку ўзгаднілі з гарадскімі ўладамі скарочаны маршрут. Збор удзельнікаў быў дазволены ля Дома-музею I з’езда РСДРП.
«Несмяротны полк» – міжнародная грамадская акцыя, якая пачынаючы з 2013 года праводзіцца штогод 9 траўня. Падчас акцыі ўдзельнікі ідуць калонай і нясуць партрэты жаўнераў, якія ваявалі на баку СССР падчас Другой сусветнай вайны. Акцыя афіцыйна падтрымліваецца і праводзіцца расейскімі ўладамі, у 2015 годзе ў шэсці ў Маскве браў удзел прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Удзельнікі «Несмяротнага палка» масава выкарыстоўваюць георгіеўскія стужкі, якія сталіся сімвалам расейскай агрэсіі супраць Украіны.
МГ belsat.eu