У Менску прайшло паседжанне аргкамітэту рыхтавання і правядзення нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь». Пра гэта паведамілі ва ўрадзе.
Як адзначыў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, у кастынгах на званне першай прыгажуні краіны 2020 года паўдзельнічалі 1850 дзяўчат, што амаль у 1,5 разы больш у параўнанні з 2018-м. Агулам у лістападзе – снежні 2019 года было праведзена 88 кастынгаў і 40 культурна-відовішчных падзеяў.
У лютым пройдуць яшчэ абласныя адборы на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне, Віцебшчыне ды Меншчыне, а таксама ў Менску.
Фінал пройдзе 15 мая ў Палацы спорту. У бюджэце Міністэрства культуры на яго правядзенне запланавана Br 300 тыс. Яшчэ Br 160 тыс. вылучыць Банк развіцця.
Для фармавання прызавога фонду яшчэ могуць быць прыцягнутыя сродкі арганізацыяў, якія працуюць у індустрыі моды, прыгажосці і здароўя.
МГ belsat.eu