Міліцыя распавяла аб педафіле, які 20 гадоў гвалціў дзяўчынак. Злавіць яго дапамагла налепка аб тэхаглядзе


Беларускі педафіл 20 гадоў гвалтаваў дзяцей і здымаў гэта на камеру. Маці дзвюх згвалчаных дзяўчынак ведалі, што адбываецца і нават дапамагалі яму за грошы. Пасля таго, як порнаматэрыялы патрапілі ў поле зроку міліцыі, педафіла знайшлі цягам трох тыдняў дзякуючы налепцы аб тэхаглядзе ў адным з кадраў.

У чэрвені 2018 года да супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных справаў патрапілі фотаздымкі і відэаролікі са сцэнамі сексуальнага гвалту над двума маленькімі дзяўчынкамі.

Здымаў і ўдзельнічаў у тым, што адбываецца, дарослы чалавек самага звычайнага выгляду з някідкім тварам, сярэдняга росту, кароткай стрыжкай і шчыльнага целаскладу, падае Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС. У відэа была плашка з указаннем нікнэйму, пад якім аўтар сядзеў у закрытых педафільскіх чатах і сетках.

З дэталяў на кадрах – дадэнаміцыйнай банкноты, пакету з сеткавай крамы дзіцячых тавараў, налепкі на аўце пра пройдзены тэхаглядзе і замаляваных мясцовых нумароў – следчыя зрабілі выснову, што відэа здымалася ў Беларусі.

«Дэталі і сталі зачэпкамі, якія дазволілі міліцыянтам за тры тыдні адшукаць чалавека, які здзяйсняў злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей цягам 20 гадоў», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Вырашальную ролю ў пошуках адыграла аўта. Следчыя высветлілі, што тэхагляд у год, пазначаны на налепцы, прайшло 2255 аўтаў гэтай маркі. Асаблівыя прыкметы машыны звузілі спачатку да 500, а потым да 130 аўтаў. Пасля аналізу звестак выявілася, што ўладальнік аднаго з аўтаў – мужчына з парнаграфічных фота і відэа.

Злавіць мужчыну аператыўнікам дапамагла налепка аб тэхаглядзе на аўце, якое патрапіла у кадры порнаматэрыялаў. Фота – МУС РБ

Выявілася, што займацца дзіцячай парнаграфіяй мужчына пачаў яшчэ ў 1998-м, калі быў студэнтам-праграмістам адной з беларускіх ВНУ: ён гандляваў порна як на касетах, гэтак і праз інтэрнэт. Паступова юнак вырашыў, што сам хоча ажыццяўляць убачанае і здымаць гэта на камеру.

Першапачаткова ахвярамі маладога чалавека станавіліся дзеці сяброў і знаёмых. Бацькі пацярпелых давяралі юнаку і пакідалі малых з ім сам-насам.

«Ён дзейнічаў настолькі дзёрзка, што часам здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару з непаўналетнімі, у той час як іх родныя знаходзіліся ў суседнім пакоі», – распавёў старшыня аддзелу галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Алюшкевіч.

Пасля заканчэння ВНУ мужчына зарабляў на жыццё з продажу ў інтэрнэце парнаграфіі – у тым ліку ўласнай вытворчасці.

На пачатку нулявых ён вырашыў пашырыць геаграфію сваіх злачынстваў і разам са знаёмым з ЗША адправіўся ў Камбоджу. Там яны гвалтавалі дзяцей і здымалі гэта на відэа. Для амерыканца злачынствы абярнуліся турэмным тэрмінам – ён адправіўся за краты на 30 гадоў. Беларус ніякай адказнасці не панёс.

У 2011-м ён пераехаў у Украіну. Праз пэўны час яго прысудзілі да пазбаўлення волі за распаўсюд парнаграфіі. Пасля вызвалення мужчына вярнуўся ў Беларусь і актывізаваў кантакты з педафіламі з іншых краінаў, а таксама стварыў дзясятак фэйкавых акаўнтаў у сацыяльных сетках, праз якія прапаноўваў школьніцам інтым за грошы.

У 2015-м мужчына пазнаёміўся з двума сёстрамі з Наваполацку. Кожная з жанчын выхоўвала дачку. Дзяўчынкам было два і чатыры гады.

«Неўзабаве ён пачаў жыць сумесна з адной з маці, але замест таго, каб будаваць нармальную сям’ю, літаральна арганізаваў хатнюю порнастудыю. На працягу трох гадоў ён сістэматычна гвалтаваў дзяцей, фіксаваў гэта на відэа і прадаваў ролікі па 30 долараў у закрытых сетках», – гаворыцца ў паведамленні.

Апроч гэтага, мужчына ладзіў «сэкс-туры» для педафілаў-замежнікаў. За здзек над дзіцем ён прасіў ад дзвюх да трох тысячаў еўраў. Таксама ён дапамагаў педафілам вырабляць парнаграфічныя матэрыялы падчас такіх візітаў.

Затрыманне мужчыны ўлетку 2018-га. Фота – МУС

Маткі дзяўчынак далі дазвол на тое, што адбываецца і атрымлівалі за гэта грошы. Больш за тое: жанчыны самі здзяйснялі сексуальныя злачынствы ў дачыненні да дачок, здымалі ўсё на відэа і распаўсюджвалі ролікі праз інтэрнэт.

На гэты момант падазраваны ў педафіліі і ягоныя саўдзельніцы затрыманыя. Следчы камітэт распачаў супраць іх шэраг крымінальных справаў. Расследаванне працягваецца. Да пошукаў ягоных памагатых падключыўся Інтэрпол.

Паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, санкцыя за гвалт непаўналетніх – ад васьмі да пятнаццаці гадоў зняволення.

За вытворчасць і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх у Беларусі пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў