Як паведаміў belsat.eu скульптар Рыгор Сітніца, стваральнік дошкі да сотай гадавіны абвяшчэння БНР, мастацкі савет пры Менгарвыканкаме зацвердзіў дошку і «рэкамендаваў яе да ўсталявання».
«Мастацкі савет без праблем прыняў дошку, гэта прынцыпова важнае рашэнне. Калі мы прайшлі гэты крок, то наступным будзе ўжо ўзгадненне з Менгарвыканкамам даты афіцыйнага адкрыцця. Пакуль што дакументу, у якім кіраўніцтва гораду дазволіла б само мерапрыемства, я не бачыў, але спадзяюся, што неўзабаве яно будзе. Дошку рэкамендавалі да ўсталявання», – сказаў Рыгор Сітніца.
Грошы на стварэнне мемарыяльнай дошкі ў сакавіку сабралі праз краудфандынг літаральна за пяць гадзін пасля з’яўлення абвесткі. Яна выкананая ў бронзе па праекце скульптара Алеся Шатэрніка ўзору 1993 года.
Першапачаткова яе планавалі ўсталяваць да 25 сакавіка, але амаль цягам двух тыдняў з розных прычын адкладалі паседжанне мастацкага савету.
КА, belsat.eu