Сонечная, занадта марозная для сярэдзіны сакавіка раніца. Прамысловы раён Менску. На прахадной скульптурнага камбіната нас сустракае начальнік вытворчасці Міхаіл Ляснеўскі. Менавіта пад ягоным тэхнічным кіраўніцтвам на камбінаце адлілі з бронзы ганаровую шыльду да 100-х угодак абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Сродкі на яе сабралі 270 фундатараў за пяць гадзін.
Ігар Засімовіч – стваральнік шыльды, беларускі скульптар. Аўтар шэрагу помнікаў знакамітым беларусам, у тым ліку мемарыяльнай дошкі ў гонар Рыгора Барадуліна. Шыльду да 100-годдзя БНР Засімовіч стварыў паводле арыгіналу 1993 года аўтарства іншага вядомага майстра Алеся Шатэрніка. Сам Шатэрнік цяпер жыве ў ЗША і працу над праектам даручыў Засімовічу.
Мы заходзім у цэх. Цяпер тут прахалодна, але калі працуюць печы, льецца метал – спякота стаіць невыносная, распавядае Міхаіл Ляснеўскі. Ён тлумачыць, як адбываецца стварэнне скульптуры крок за крокам.
«Першы этап – прыняцце мадэлі ў фармоўку. З мастацкай майстэрні грузчыкі прывозяць гіпсавую форму. Далей мы вырабляем «васкоўку» – гэта адбітак мадэлі ў воску. Пасля аўтар сваімі тонкімі інструментамі прапрацоўвае воск паводле сваёй задумкі».
Пасля гэтага васкавую форму кладуць у пясок, паступова выдаляюць воск і атрымліваецца гатовая форма для заліўкі металу. Вось цяпер робіцца спякотна. Без маскі і рэспіратара знаходзіцца ў цэху немагчыма.
«Бронзу можна заліваць пры тэмпературы каля 1250 градусаў. Яна варыцца ў пячы, а па гатоўнасці печ пераварочваецца і метал саламяна-жоўтага колеру з сінімі вагеньчыкамі льецца ў форму».
Ад пачатку і да канца над адліццём працуюць 7 чалавек. Аўтар шыльды, скульптар Ігар Засімовіч прысутнічаў на ўсіх этапах фармоўкі і апрацоўкі свайго твору.
Адрозненні ад першапачатковай мадэлі, узору 1993 году, хоць невялікія, але ёсць. Раней меч вершніка быў за галавой, а цяпер будзе над ёй. Пакуль мы бачым асобныя, немантажаваныя дэталі: меч, каня, тулава вершніка.
Наш суразмоўца перастаўляе іх, дэталі настолькі фігурныя і тонка зробленыя, што становіцца страшна: толькі б не ўпалі.
«Важны кожны этап, бо адзін няправільны рух – і можна ўсё сапсаваць. Мы нават не любім дапускаць чужых у цэх. Бо старыя ліцейшчыкі кажуць: мы толькі плавім метал, а Бог залівае».
Свой канчатковы выгляд шыльда набудзе не пазней за раніцу наступнага аўторка. Пасля аўтар забярэ яе і 23 сакавіка шыльду ўрачыста ўсталююць на вуліцы Валадарскага,9. Дазвол на ўсталяванне далі гарадскія ўлады. Збор сродкаў быў абвешчаны 2 сакавіка і ўжо праз пяць дзён людзі сабралі неабходную суму – 6154 рублі. Колькасць фундатараў (270) пазначаная на зрэзе шыльдзе.
23 сакавіка belsat.eu будзе весці жывую трансляцыю з урачыстага ўсталявання шыльды да 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.
Каця Андрэева, Ірына Арахоўская, belsat.eu