Ірына, якая з хлопцам упершыню наведвала беларускую сталіцу 11-12 траўня, распавяла belsat.eu аб прыгодзе з праваахоўнікамі.
Турыстаў з Расеі затрымалі за вандалізм – нібыта яны сталі на пастамент помніку царскаму гарадавому, усталяванаму насупраць будынку МУС. Пару забралі ў Маскоўскі РУУС і пасадзілі ў клетку з «палітычнымі» і бесхацінцам, ад якога непрыемна пахла.
Пазней расейцаў адпусцілі ды назвалі сітуацыю «пацешнаю прыгодай». Таксама вандроўнікам параілі вяртацца ў цэнтр «зайцамі» ды ўцякаць ад кантралёраў.
Ірына распавяла belsat.eu, што агулам працаўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна, але часамі былі і грубасці.
«Яны пыталі: што вы там наагул рабілі? Навошта трэба было фатаграфавацца? Хтосьці супакойваў, казаў, што ўсё будзе добра. Сітуацыя наконт ехаць без квіткоў у канцы была, калі мы падпісвалі свае паказанні, і я паскардзілася працаўніку, што нас з цэнтру павезлі ў іншы раён, а цяпер паўгадзіны пешкам назад ісці. І ён на гэта адказаў так, адчуванне было, што ён сур’ёзна, але хто ведае».
Дзяўчыну таксама здзівілі некаторыя каментары міліцыянтаў.
«Адзін супрацоўнік выказаўся так: калі я раптам буду ў Маскве, тады і распавяду вам, у чым тут справа.Абсалютна ніхто не мог нам сказаць, у чым нас абвінавачваюць і што такога асаблівага ў гэтай скульптуры».
Пра тое, што Ірына з сябрам – грамадзяне РФ яны сказалі адразу. Дзяўчына спрабавала даведацца, ці трэба ім звязацца з амбасадай.
«Але мне сказалі «чакайце, зараз разбярэмся» і ўсё. Адзін супрацоўнік, які запісваў нашыя сведчанні, сказаў, што «не менш за нас перажывае», хоць не адказаў, па якой прычыне, а потым прынёс прабачэнні ад сябе асабіста, калі выпускаў нас з УУС».
Паводле дзяўчыны, вельмі непрыемна было, калі іх закрылі ў міліцэйскай клетцы.
«На ўсе гэтыя разбіральніцтвы сышло тры гадзіны. І яшчэ прыкладна гадзіну мы ішлі да гасцініцы. Праз страчаны час не ўсе паспелі паглядзець у Менску, што планавалі. Ад гораду засталіся толькі прыемныя ўражанні. Чыста, прасторна, спакойна, кавярні, графіці. Усё, што я люблю. Таму б у Менск з задавальненнем вярнуліся пагуляць, а вось у аддзяленне УУС – не».
Скульптуру царскаму гарадавому – праваахоўніка часоў Расейскай імперыі – паставілі ў Менску ў 2017 годзе да 100-годдзя беларускай міліцыі. З тых часоў яна рэгулярна трапляе ў навіны: актывісты зладзілі каля гарадавога не адну акцыю, за кожную з якіх міліцыя помсціла.
Рэзананс пачаўся з гісторыі, калі міліцыянты змусілі 16-гадовага падлетка прасіць у скульптуры прабачэння за тое, што ён пляснуў ёй па твары.
ДР belsat.eu