Лукашэнка: Я бачу, турэцкі гамбіт нейкі задумалі


Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці РФ Андрэем Нікіціным заклікаў не глядзець на беларусаў як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся спіной да Расеі. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Гэтага ніколі не было і не будзе. Нас асабліва там (у Заходняй Еўропе. – заўв.) не чакаюць, таму што перашкодай гэтаму з’яўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, перашкодай гэтаму зʼяўляецца эканоміка», – сказаў ён.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі вырабляюцца тавары аналагічныя тым, што вырабляюцца ў краінах ЕЗ.

«Там машынабудаванне не горш, чым у нас. Усе, акрамя БелАЗаў, – растлумачыў ён. – Усё астатняе вырабляюць: і малако, і мяса, і іншае. На рынак нас туды ніхто не пускаў і не пусціць. Я ўвесь час іх за гэта крытыкую. Хоць у нас прадукцыя (яны гэта прызнаюць) значна лепш па многіх параметрах, чым іх. Але на рынак не пускаюць. Якая тады аснова супрацоўніцтва з Еўрапейскім звязам?»

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што падобныя праблемы зʼявіліся і ў гандлі з Расеяй, але яны носяць часовы характар. «Мы вырашым гэтыя пытанні. Мы па меншай меры на адной мове размаўляем », – дадаў ён.

Лукашэнка падчас сустрэчы з з губернатарам Наўгародскай вобласці РФ Андрэем Нікіціным.
Фота: president.gov.by

Прэзідэнт падкрэсліў, што шчыльнае супраца з рэгіёнамі ў свой час дазволіла захаваць добрыя стасункі Беларусі з Расеяй. «Не без праблемаў, але на прыстойным узроўні. Думаю, мы з Дзмітрыем Фёдаравічам (Мезенцавым, амбасадарам РФ у Беларусі. – заўв.), МЗС і ўрадам Расеі (прэзідэнты таксама падключыліся) вырашым і гэтыя пытанні. Нам нельга страціць адзін аднаго ні ў якім разе. Што, у вас ёсць больш блізкі саюзнік, чым Беларусь? Няма. Больш блізкай краіны, чым Расея, у нас таксама няма. Таму мы павінны супрацоўнічаць», – працягнуў ён.

«Але гэта не значыць, што мы селі адзін супраць аднаго і глядзім адзін на аднаго. Не, – дадаў Лукашэнка. – Я бачу, турэцкі гамбіт нейкі задумалі. Уцягнулі ўсе дзяржавы. Расея таксама ў гэтым удзельнічае, глядзіць, як там. Праўда, у выгаднай сітуацыі – як міратворчая краіна. Нам таксама ў рэгіёне трэба бачыць нашых суседзяў, тую ж Украіну».

ВІДЭА
«А як інакш?» Лукашэнка пракаментаваў вызваленне Багачовай
2019.10.17 11:51

Лукашэнка не патлумачыў, што меў на ўвазе пад «турэцкім гамбітам» і ў якой сітуацыі Расея ўдзельнічае як «міратворчая краіна».

  • Гамбіт – агульная назва дэбютаў у шахматах, калі адзін з бакоў для захопу ініцыятывы ахвяруе пешкай ці іншай нязначнай фігурай. «Турэцкі гамбіт» – шпіёнскі дэтэктыў Барыса Акуніна, дзе падзеі адбываюцца ў часы расейска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў (у 2005 годзе па гэтай кнізе быў зняты аднайменны расейскі фільм).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў