3 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Сустрэча адбылася ў Бялградзе.
У размове з сербскім лідарам кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што выступае за захаванне Еўрапейскага звязу.
«Я заўзяты прыхільнік захавання Еўрапейскага звязу, які заўсёды санкцыі ўводзіў супраць Беларусі. Еўрапейскі звяз – гэта адна з найбольш магутных апораў нашай планеты. Калі яго выдраць з-пад гэтай сістэмы, яна не проста захістаецца, а можа абрынуцца. Таму я прыхільнік захавання Еўрапейскага звязу», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
«Мы з павагай ставімся да імкнення вашай краіны ўступіць у Еўрапейскі звяз [Сербія – кандыдат на ўступленне ў ЕЗ з 2012 года. – заўв. Belsat.eu] і жадаем вам годна прайсці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер у Бялградзе праходзіць беларуска-сербскі бізнес-форум, падчас якога плануецца падпісанне двухбаковых гандлёвых пагадненняў.
ЮВ belsat.eu