Лукашэнка і Рахмон «выйшлі ў космас»


Лукашэнка і Рахмон.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік Таджыкістану Эмамалі Рахмон 28 чэрвеня на сустрэчы ў Менску падпісалі дамову аб стратэгічным партнёрстве.

«Гэта гістарычны момант, гэта выхад у космас, калі хочаце, у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі», – заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, у дамове замацаваны якасна новы статус двухбаковых адносін і пацверджаны намер актыўна развіваць іх ва ўсіх галінах, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка ў Таджыкістане: Мы гатовыя індустрыялізаваць вашую краіну
2018.09.29 09:18

Кіраўнікі дзяржаваў таксама падпісалі заяву, у якой пацвердзілі зацікаўленасць развіваць усебаковае ўзаемадзеянне ў доўгатэрміновай перспектыве і падкрэслілі неабходнасць паглыбляць міждзяржаўныя стасункі.

Таксама былі заключаныя пагадненні паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Міністэрствам культуры Таджыкістана, Следчым камітэтам Беларусі і Генеральнай пракуратурай Таджыкістана, гандлёва-прамысловымі палатамі. Падпісаныя пагадненні аб міжбанкаўскай супрацы, супрацы ў сферы фізічнай культуры і спорту на 2019-2023 гады, адукацыі. Міністэрствы сельскай гаспадаркі дамовіліся супрацоўнічаць у выкарыстанні генетычных рэсурсаў раслін і жывёлаў для атрымання камерцыйных прадуктаў.

Кіраўнікі дзяржаваў таксама абмеркавалі супрацу паміж Таджыкістанам, Беларуссю і Афганістанам.

Аб’ектыў
У Таджыкістан да… Пуціна?
2018.09.27 21:54

«Думаю, падключыцца да гэтых перамоваў і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Мы зможам пагаварыць утрох. Думаю, вы не будзеце супраць, у нас таксама ёсць пытанні ў рамках СНД і АДКБ, нашага абароннага звязу», – сказаў Лукашэнка.

Па сканчэнні перамоваў Аляксандр Лукашэнка падарыў Эмамалі Рахмону копію Слуцкага пояса і сувеніры II Еўрапейскіх гульняў. У сваю чаргу кіраўнік Таджыкістана падарыў нацыянальны кінжал Ханджара і карціну з выявай палацу Наўруз.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў